Выставка «Цяпло роднай хаты»


Самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека – гэта сям’я. Калі мы чуем гэта слова, адразу становіцца на душы цёпла і ўтульна: мы ўзгадваем сваіх родных, якія чакаюць нас дома. У сям’і мы атрымліваем неабходнае выхаванне і набываем пэўныя правілы паводзін. Сям’я – гэта маленькая дзяржава, дзе ёсць свае звычаі і традыцыі, якія перадаюцца па спадчыне. 
У Полацку здаўна жылі прадстаўнікі розных народаў. Большасць з іх стваралі дружныя і моцныя сем’і. На выстаўцы «ЦЯПЛО РОДНАЙ ХАТЫ» можна пазнаёміцца з гісторыяй полацкага роду Геновых, які бярэ свой пачатак яшчэ з ХІХ ст. У сям’і адваката Хацкеля Генова і яго жонкі Хаі было дзевяць дзяцей. На іх долю выпала шмат выпрабаванняў: рэвалюцыі, войны і цяжкае жыццё ў пасляваенны час. Хая Яўсееўна, застаўшыся з 1920 г. адна ў адказе за свой род, зберагла яго. Яна захавала і перадала сваім дзецям і ўнукам усе сямейныя традыцыі. Таленавітыя ад прыроды, Геновы добра спявалі і ігралі на розных музычных інструментах, любілі мастацкую самадзейнасць і спартыўныя заняткі. У сям’і Геновых з павагай ставіліся і да ведаў, свае прафесіі – урачоў, настаўнікаў, юрыстаў і інш. – заўсёды выбіралі па клічы сэрца. Іх добрасумленныя адносіны да працы былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі. 
Сёння прадстаўнікі шасці пакаленняў роду Геновых жывуць не толькі ў Беларусі (на Віцебшчыне і Міншчыне), але і ў Расіі, Ізраілі, Германіі, ЗША. У кожнага з іх свой лёс, свая гісторыя, але карані ва ўсіх адны. І бяруць яны пачатак у Полацку.
На выстаўцы «ЦЯПЛО РОДНАЙ ХАТЫ» прадстаўлены прадметы з фондаў НПГКМЗ, дапоўненыя вялікай колькасцю фотадакументаў, перададзеных музею праўнукам Хацкеля і Хаі Геновых – Уладзімірам Мікалаевічам, захавальнікам сямейнага архіва. Сумеснымі намаганнямі прадстаўнікоў розных пакаленняў Геновых, мясцовых краязнаўцаў і супрацоўнікаў музея–запаведніка быў складзены радавод, які займае на выстаўцы цэнтральнае месца.
Часовая экспазіцыя «ЦЯПЛО РОДНАЙ ХАТЫ» заклікана папулярызаваць сямейныя каштоўнасці і спрыяць паважліваму стаўленню яе наведвальнікаў да гісторыі свайго роду.

129