Адзначаем 150-годдзе з дня нараджэння Б. І. Эпімаха-Шыпілы (1859-1934).

4 верасня 2009 г. споўнілася 150 год з дня нараджэння Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы, вядомага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Прафесар Пецярбургскага універсітэта. Навукоўца-лінгвіст. Вучоны-філолаг. Актыўны выдавец і прапагандыст беларускай кнігі, асветнік, стваральнік першага пасля дзейнасці Ф. Скарыны беларускага выдавецтва “Загляне сонца і ў наша аконца” (1906). Ганаровы член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Фалькларыст, стваральнік унікальнай “Беларускай рукапіснай хрэстаматыі”, у якую ўвайшлі творы вядомых беларускіх літаратараў. Паліглот, які валодаў больш як дваццаццю мовамі свету, у тым ліку санскрытам. Чалавек, без якога не адбылося бы творчае станаўленне Янкі Купалы. Навуковыя супрацоўнікі Краязнаўчага музея не змагли абмінуць увагай такую важную падзею і наведалі родныя мясціны вучонага па запрашэнні мясцовага краязнаўцы В. Р. Карасёва.

Нарадзіўся Браніслаў Ігнатавіч 4 верасня 1859 г. у фальварку Будзькаўшчына Лепельскага павета Віцебскай губерні. Пасля нараджэння Браніслава сям’я пераехала ў фальварак Залессе Ветрынскай воласці (зараз Полацкі раён). Тут прайшлі дзіцячыя гады будучага вучонага. Пасля заканчэння Рыжскай Аляксандраўскай гімназіі і Пецярбургскага універсітэта Браніслаў Ігнатавіч застаецца жыць і працаваць у Пецярбурзе, не працяглы час працуе ў Мінску ў Інбелкульце. Толькі ў перыяд летняга адпачынку ён наведваў роднае Залессе.

На радзіме знакамітага вучонага – Ветрыншчыне – ганарацца сваім земляком, рупліва захоўваючы памяць аб ім. У 1998 г. у ветрынскай сярэдняй школе быў адкрыты музей Б.І. Эпімаха-Шыпілы. Ініцыятыва стварэння музея належала настаўніцы Але Канстанцінаўне Красновай. У музеі захоўваецца інфармацыя аб жыцці і дзейнасці вучонага, яго стасунках з лепшымі прадстаўнікамі нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст. Тут сабраны дакументы і фотаздымкі, успаміны і сведчанні старажылаў, нават амбарны замок з сядзібы “паноў Шыпілаў” – так мясцовыя, заўсёды з цеплынёй і павагай, успамінаюць гэтых людзей. Зараз школьны музей – комплексны. За 11 год свайго існавання ён значна пашырыўся, узбагаціўся новымі экспанатамі і складаецца зараз з чатырох залаў, якія прысвечаны не толькі знакамітаму земляку Б. І. Эпімаху-Шыпілу, але і гісторыі, этнаграфіі г.п.Ветрына, гісторыі роднай школы.

Маёнтак у Залессі, дзе была сядзіба Эпімаха-Шыпілы, не захаваўся. Дзякуючы актыўнай дзейнасці краязнаўцы Віктара Раманавіча Карасёва ў 2006 г. на месцы былога родавага фальварку Б. І. Эпімаха-Шыпілы быў устаноўлены памятны знак – камень-валун вагой 16 т. 100 кг. А ў дзень нараджэння Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы, 4 верасня 2009 г., з нагоды яго 150-годдзя ў Залессі адбыўся святочны мітынг з ускладненнем кветак ля памятнага знака. Навучэнцы і настаўнікі школы разам з Ветрынскай школай мастацтваў падрыхтавалі святочны канцэрт, прысвечаны юбілею знакамітага земляка. Хацелася б спадзявацца, што сядзіба знакамітага паліглота і літаратуразнаўцы Браніслава Ігнатавіча Эпімаха-Шыпілы будзе адноўлена, а ўдзячныя жыхары Ветрыншчыны атрымаюць новы музей. Усё гэта – справа новага пакалення.

2460