Запрашаем у сялянскую хатку!

На мінулым тыдні вучні полацкіх школ і гімназіі зноў наведалі музейна-педагагічныя заняткі ў Краязнаўчым музеі. На гэты раз школьнікаў ветліва сустракала «гаспадыня» сялянскай хаткі. Яна вяла размову аб тым, што елі і пілі беларусы сто гадоў назад, расказала пра традыцыі і звычаі, звязаныя з разнастайнымі стравамі нашых продкаў.

Маленькія госці з захапленнем слухалі, як у ранейшыя часы гатавалі чырвоны і зялёны сыр, чаму нельга было шумець у хаце, калі пячэцца хлеб, даведаліся, якія выслоўі склаў беларускі народ пра сваю паўсядзённую ежу. Напрыканцы занятку вучні праглядзелі відэасюжэт пра ўдзельнікаў «Клуба хлебапёкаў», якія да нашых дзён захавалі сакрэты гатавання традыцыйных беларускіх страў.