Краязнаўчы музей павіншаваў "Полацкі веснік" з юбілеем


Увечары 28 красавіка, нягледзячы на праліўны дождж, у Палацы культуры ААТ "Полацк-Шкловалакно" сабралося шмат людзей рознага ўзросту. Усе яны прыйшлі, каб павіншаваць супрацоўнікаў газеты "Полацкі веснік" са стогадовым юбілеем. У фае палаца была арганізавана выстава творчых работ чытачоў полацкай газеты з віншаваннямі; у адмысловых зонах сваю прадукцыю размясцілі філіял ААТ "Белкніга" "Полацк-Светач", УП "Віцебскаблсаюздрук", Полацкі раённы вузел паштовай сувязі. Дзякуючы супрацоўнікам Цэнтральнай бібліятэкі імя Ф. Скарыны, палачане, чытаючы газеты розных гадоў, змаглі перанесціся ў сваю маладосць і дзяцінства.

Свой падарунак падрыхтавалі і супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка. Прысутным была прапанавана часовая выстава "Гартаючы старонкі полацкай газеты", якая распавядала пра станаўленне і развіццё "Полацкага весніка". Удзельнікаў і гасцей святочнага мерапрыемства зацікавілі студзеньскі нумар "Известий", які выйшаў у полацкай друкарні 99 год таму, копія старонкі газеты "Революционный голос", з якой і пачалася гісторыя полацкай газеты, экзэмпляр так званай газеты-партызанкі 1944 г., якая друкавалася на ўжо вызваленай тэрыторыі Полаччыны. Некаторым пашчасціла знайсці сваіх знаёмых, суседзяў, былых калег на фатаграфіях 40-х і 70-х гг. мінулага стагоддзя.