Полацк у ХІІ ст.


У пачатку XII ст. Полацкая зямля ўступіла ў перыяд феадальнай раздробленасці. Першымі з яго складу вылучыліся Мінскі і Друцкі ўдзелы, у другой палове стагоддзя цэнтрамі ўдзельных княстваў сталі Віцебск, Заслаўе, Лукомль, Барысаў. У самім Полацку вядучай палітычнай сілай стала веча, а княжацкая ўлада аслабла. Актыўны ўдзел у жыцці горада прымаў і полацкі епіскап: яго пячаць ставілася на важных палітычных дамовах.

Тэрыторыя горада, дзякуючы актыўнаму развіццю гандлю па шляху "з варагаў у грэкі", вырасла ў 10 разоў і складала каля 120 га. Цэнтрам Полацка стаў новы ўмацаваны дзядзінец на правым беразе Заходняй Дзвіны. З усходу і захаду ад яго раскінуліся Вялікі і Запалоцкі пасады. Паўночней знаходзіліся Вакольны горад і старое Гарадзішча. Насельніцтва Полацка ў той час, па розных ацэнках, вагалася ў межах 10-15 тыс. чалавек.

У XII ст., акрамя збудаванага на Замкавай гары ў сярэдзіне XI ст. Сафійскага сабора, у горадзе налічвалася больш за дзясятак мураваных храмаў. Буйнымі хрысціянскімі комплексамі Полацка былі Спаса-Еўфрасіннеўскі і Бельчыцкі манастыры.