Урачыстае адкрыццё выставы "Ганаровыя грамадзяне горада Полацка"

У апошнія дні сыходзячага года Краязнаўчы музей Полацка святкуе свой 90-гадовы юбілей. Калектыў музея не толькі прымае віншаванні і падарункі, але і робіць іх сам. У якасці падарунка палачане і госці нашага горада атрымалі новую стацыянарную выставу "Ганаровыя грамадзяне горада Полацка", урачыстае адкрыццё якой адбылося 28 снежня. У гэты дзень у адной зале музей сабраў землякоў-палачан, удастоеных пачэснага звання "Ганаровы грамадзянін горада Полацка", іх блізкіх і сяброў. Усіх гэтых людзей яднае глыбокае пачуццё любові да нашага старажытнага горада, павага да яго гісторыі.

Сярод тых, хто прыйшоў павіншаваць палачан і калектыў музея з гэтай важнай падзеяй, была Наталля Васільеўна Гуйвік, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Андрэй Аляксандравіч Кузьмін, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ "Полацк-Шкловалакно" і іншыя.

У цёплай, душэўнай атмасферы сустрэліся даўнія сябры, завязаліся новыя знаёмствы. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што новая выстава стане запатрабаванай пляцоўкай дыялогу з мясцовай грамадскасцю.

582