КРАЯЗНАЎЧАМУ МУЗЕЮ ПОЛАЦКА - 90 ГОД

26 снежня 2016 г. адзін са старэйшых краязнаўчых музеяў Рэспублікі Беларусь адзначае сваё 90-годдзе. Створаная сіламі апантанай мясцовай інтэлігенцыі першая экспазіцыя Полацкага акруговага краязнаўчага музея была адкрыта ў будынку Сафійскага сабора. Да гэтай справы ў свой час спрычыніўся будучы Ганаровы грамадзянін г. Полацка Іван Пятровіч Дэйніс, які ў 1920-х гг. быў сябрам Полацкага краязнаўчага таварыства. У фондах тагачаснага музея захоўваліся шматлікія рарытэты: слуцкі пояс, карціна Сальватора Розы «Забойства пакутніка Стэфана», калекцыя прылад працы каменнага веку і інш. Праз некаторы час музей пераехаў у былую лютэранскую кірху, пабудаваную ў 1888 г.

Вялікая Айчынная вайна нанесла вялікія страты калекцыям музея, ад якіх засталося толькі 462 прадметы. Колькі пасляваенных год рэшткі музейнага збору месціліся ў двух пакоях Сафійскага сабора, пакуль Краязнаўчаму музею не вярнулі даваенны будынак. Даволі хутка ішло камплектаванне фондаў, паступова адкрываліся новыя аддзелы пастаяннай экспазіцыі. У гэтым музею аказвалі дапамогу калегі з іншых музеяў, якія дасылалі ў Полацк прадметы з уласных фондаў, дапамагалі ствараць тэматыка-экспазіцыйныя планы, а таксама археолагі, што дзяліліся з музеем знаходкамі з раскопак на Падзвінні. У выніку актыўнай працы калектыву Краязнаўчы музей стаў культурным і метадычным цэнтрам Полаччыны, да якога звярталіся па дапамогу практычна з усяго Савецкага Саюза.

З канца 1960-х па сярэдзіну 1980-х гг. у Полацкага краязнаўчага музея з'явілася некалькі філіялаў: гісторыка-археалагічны запаведнік, Музей баявой славы, Карцінная галерэя; а пасля рэструктурызацыі ў 1985 г. ён стаў філіялам Полацкага гісторыка-археалагічнага запаведніка.

Ужо стала традыцыйным правядзенне канферэнцый да юбілеяў старэйшага полацкага музея, і гэты год не стаў выключэннем. 7–8 снежня ў канферэнц-зале НПГКМЗ у чацвёрты раз сустрэліся навукоўцы і аматары гісторыі Полацка на навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю Краязнаўчага музея Полацка. Да дня нараджэння музея быў адкрыты новы раздзел экспазіцыі – стацыянарная выстаўка «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка».

Па выніках канферэнцыі выпушчаны тэзісы дакладаў, з якіх можна даведацца пра новыя факты з гісторыі Полацка і Полацкай зямлі.