Фільмы пра Ганаровых палачан прымаюць удзел у конкурсе "Я снимаю кино"

Працуючы над стварэннем новай выставы «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка», навуковыя супрацоўнікі Краязнаўчага музея правялі вялікую пошукавую працу па зборы матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю палачан, удастоеных гэтага пачэснага звання. У выніку былі знойдзены новыя дакументы і фотаздымкі, узнагароды і асабістыя рэчы, частка з якіх будзе экспанавацца на новай выставе. Падчас сустрэч з ганаровымі палачанамі, іх роднымі і знаёмымі былі зроблены відэазапісы інтэрв’ю, якія далі магчымасць зафіксаваць успаміны жыхароў Полацка, што ўжо сёння сталі часткай нашай агульнай гісторыі. Найбольш цікавыя відэа- і фотаматэрыялы склалі аснову некалькіх фільмаў, створаных загадчыкам Краязнаўчага музея Водневай І.П. і начальнікам цэха № 4 ВА “Полацк-Шкловалакно” Карэйшам А.Л. Фільмы, якія распавядаюць пра лёс завадчан, што носяць званне “Ганаровы грамадзянін горада Полацка”, у гэтым годзе прымаюць удзел у ІІІ адкрытым конкурсе аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча “Я снимаю кино”. Да 2 снежня ў Вас яшчэ ёсць магчымасць паглядзець і прагаласаваць за іх на афіцыйным сайце конкурсу.

567