Фонды запаведніка зноў папоўніліся

19 чэрвеня 2009 года ў фонды НПГКМЗ паступілі дзве вялікія калекцыі прадметаў археалогіі і нумізматыкі, перададзеныя Андрэем Генадзьевічам Бухавецкім.

Гэты палачанін, захоплены гісторыяй Полаччыны, ужо не ўпершыню перадае свае знаходкі ў дар запаведніку. Сяброўства з ім завязалася яшчэ ў 1980-я гг., калі ён быў навучэнцам гарадской школы і разам са сваім братам Аляксеем прынёс супрацоўнікам Краязнаўчага музея прадметы археалогіі. Многім з тых рэчаў было па 600–800 год.

Калекцыі, перададзеныя ў гэты раз, складаюцца з 138 прадметаў. Гэта востраканцовыя бронзавыя шпількі «пус еnі», кольцы, нацельныя крыжыкі, фрагменты шкляных бранзалетаў. Усе гэтыя прадметы адносяцца да часоў, калі Полацк уваходзіў у склад Вялікага княства Літоўскага.

У калекцыі ўваходзяць і прадметы, звязаныя з ваеннымі дзеяннямі ля сцен старажытнага Полацка: свінцовыя кулі, наканечнік стралы, гузік ад мундзіра. Зацікавілі навуковых супрацоўнікаў таксама плінфа з кляймом і знакамі, рыбалоўныя грузілы і кручкі, шыферныя прасліцы, гліняная фігурка вершніка.

Усе гэтыя прадметы можна было ўбачыць на выстаўцы, якая была арганізавана ў межах акцыі «Ноч музеяў». Пасля больш дэталёвага вывучэння частка з іх можа заняць сваё месца ў экспазіцыях нашых музеяў.

358