Выязны семінар-практыкум "Музеі ўстаноў адукацыі - прастора інтэграцыі асноўнай і дадатковай адукацыі вучняў"

11 лістапада 2015 г. загадчык Краязнаўчага музея Ірына Пятроўна Воднева прыняла ўдзел у выязным семінары-практыкуме "Музеі ўстаноў адукацыі - прастора інтэграцыі асноўнай і дадатковай адукацыі вучняў", які праходзіў на базе музея "Гісторыя Заронаўскага краю" (Віцебскі раён). Сваім шматгадовым вопытам у музейнай працы з палачанамі дзялілася кіраўнік музея Людміла Канстанцінаўна Нікіціна, якая з'яўляецца ўжо не першы год загадчыкам аддзела спорту, турызму, кразнаўства і экалогіі ДУДА "Цэнтр дзяцей і моладзі Віцебскага раёна". Падчас наведвання школьнага музея, які стаў у 2014 г. лаўрэатам у намінацыі "Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці па патрыятычным выхаванні моладзі" на ІІ Нацыянальным форуме "Музеі Беларусі", полацкія настаўнікі змаглі не толькі пазнаёміцца з экспазіцыяй і музейным фондам, але і на практыцы ўбачыць тыя метадычныя прыёмы, якія шырока выкарыстоўвае ў сваёй рабоце Людміла Канстанцінаўна.
І.П. Воднева падчас свайго выступлення звярнула ўвагу на асаблівасці краязнаўчай работы з вучнямі ва ўстановах адукацыі і расказала пра асноўныя патрабаванні па захаванні і прэзентацыі музейных прадметаў.
Усе ўдзельнікі семінара былі ўражаны прафесіяналізмам, майстэрствам і гасціннасцю апантанага настаўніка і музейшчыка з Віцебшчыны.

663