З гісторыі рыбалоўства на Браслаўшчыне


З гісторыі рыбалоўства на Браслаўшчыне

Выстаўка "З гісторыі рыбалоўства на Браслаўшчыне" распавядае пра адзін з самых распаўсюджаных заняткаў беларусаў, вядомы яшчэ са старажытнасці. Паўночную Беларусь называюць азёрным краем, тут знаходзіцца каля 250 азёр, разнастайных па плошчы, утварэнні, пейзажным вобліку. А галоўным багаццем азёр Браслаўшчыны з’яўляецца рыба. З цягам часу людзі выпрацавалі розныя спосабы лоўлі, нарыхтоўкі і захоўвання рыбы, прыкмецілі асаблівасці прыроднага календара, авалодалі майстэрствам народных промыслаў, звязаных з рыбнай лоўляй.

На выстаўцы прадстаўлена каля 100 прадметаў з фондаў Браслаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, дзе маецца вялікая колькасць матэрыялаў адпаведнай тэматыкі. Самыя старажытныя экспанаты – касцяныя гарпуны, якія датуюцца ІХ ст. да н.э. – ІІІ ст. н.э. Вялікі комплекс прадметаў – металічныя кручкі і блёсны, касцяныя качадыкі, гліняныя грузілы – складаюць знаходкі з гарадзішча Маскавічы, якое знаходзілася на высокім узгорку каля возера Дзерба. Гэта паселішча ў ХІ–ХІІІ стст. было крэпасцю на паўночна-заходняй мяжы Полацкага княства.

Яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай браслаўскія азёры былі гаспадарскімі ўладаннямі. Сяляне наймаліся на працу да ўладальніка або арандатара і мелі добры заробак. У ХІХ – пачатку ХХ стст., калі пачыналася масавая лоўля рыбы, мужчыны збіраліся ў арцелі па 20 – 60 чалавек. За адну тоню такая група рыбакоў магла вылавіць да 50 пудоў рыбы. У вольны час як мужчыны, так і жанчыны з дзецьмі займаліся пляценнем сетак, невадаў, выраблялі таптухі, мярэжы, падсакі, кашы -“рыбніцы”. У асобных браслаўчан можна было сустрэць і зробленыя з рыбацкіх сетак вышываныя абрусы, карціны з выявамі рыбакоў, скульптуры мясцовых разьбяроў.

Браслаўчане, якія пасяліліся на беразе аднаго з самых вялікіх азёр Беларусі – Дрывяты, займаліся рыбалоўствам на працягу ўсяго года. Яны добра ведалі народныя прыкметы і асаблівасці лоўлі рыбы як зімой, так і летам. У ХІХ ст. рыбалоўства на Браслаўшчыне набыло таварны характар.

У другой палове ХХ ст. у Браслаўскім рэгіёне быў арганізаваны дзяржаўны рыбалоўны промысел і ўтвораны рыбныя калгасы. Далёка за яго межамі ведалі пра браслаўскіх судакоў, вугроў, уклейку, сюды прыязджалі не толькі парыбачыць, але і адпачыць.

У 1995 г. на тэрыторыі Браслаўшчыны быў утвораны Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, плошча якога сёння складае каля 70 тысяч га. Парк займае трэцюю частку Браслаўскага раёна. Гэты ўнікальны прыродаахоўны комплекс добра вядомы сваёй непаўторнасцю далёка за межамі нашай краіны.

Куратары выстаўкі
Зінкевіч Элеанора Уладзіміраўна (Браслаў),
Воднева Ірына Пятроўна (Полацк),
Студзянікіна Юлія Уладзіміраўна (Полацк).