Супрацоўнікі Краязнаўчага музея на справаздачнай канферэнцыі НПГКМЗ

Штогод у канцы лютага Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік традыцыйна праводзіць канферэнцыю па выніках навуковай працы ў папярэднім годзе. Заўсёды ў поўным складзе ў канферэнцыі прымаюць удзел супрацоўнікі Краязнаўчага музея - філіяла НПГКМЗ. "Да пытання аб дзейнасці пачатковых навучальных устаноў у Полацку ў другой палове ХІХ - пачатку ХХ ст." звярнулася ў сваім дакладзе загадчык музея І.П. Воднева. Даследчыца прааналізавала дзейнасць полацкіх устаноў пачатковага навучання ў русле тагачаснай агульнадзяржаўнай палітыкі ў сферы народнай адукацыі. Да тэмы адукацыі звярнулася ў сваёй навуковай дзейнасці і старшы навуковы супрацоўнік М.М. Аніськовіч. Праведзены ёю аналіз дзейнасці навучальных устаноў г. Полацка ў часы беларусізацыі быў агучаны ў дакладзе "Начальные и средние учебные заведения г. Полоцка в 1924-1928 гг.". Развіццю народнай гаспадаркі г. Полацка ў перыяд 6-й пяцігодкі і сямігодкі (1956-1965 гг.) было прысвечана выступленне вядучага навуковага супрацоўніка С.В. Гаўрылавай. На мясцовым матэрыяле быў паказаны ўздым вытворчых сіл прамысловасці ў перыяд так званай "хрушчоўскай індустрыялізацыі".

517