Законы сівых стагоддзяў

У канцы навучальнага года Краязнаўчы музей зноў сустракаў на музейна-педагагічных занятках вучняў 3-х і 4-х класаў полацкіх гімназій і школ. Юным палачанам было прапанавана даведацца, па якіх законах жылі людзі ў мінулыя стагоддзі. Узяўшы на ўзбраенне веды, атрыманыя на ўроках, хлопчыкі і дзяўчынкі накіраваліся ў “падарожжа” па гісторыі.

Патрапіўшы ў Старажытны Егіпет, дзеці пазнаёміліся з Маісеем і 10 запаведзямі, якія Бог даў людзям. Пасля сухога і спякотнага клімату егіпецкай пустэльні школьнікі апынуліся на ўтульных вуліцах старажытнага Полацка і нават прымерылі на сабе ролю ўдзельнікаў вечавага сходу. Затым яны селі на карабель і па рацэ часу перанесліся ў 1498 г., дзе разам з тагачаснымі палачанамі абралі магістрат і пабудавалі ратушу. Карабель жа разгарнуў свае ветразі на гарадскім гербе.

Напрыканцы свайго падарожжа школьнікі завіталі да Льва Сапегі і пагарталі старонкі Статута Вялікага княства Літоўскага, а таксама прыгадалі гісторыю дзяржаўнага герба той краіны. І ў апошнія хвіліны ўсе вярнуліся дадому - на беларускую зямлю ХХІ стагоддзя.

Спадзяемся, што хлопчыкі і дзяўчынкі будуць заўсёды з годнасцю ўспамінаць першыя словы Канстытуцыі: “Мы, народ Рэспублікі Беларусь”.

399