Пра доблесць, пра подзвігі, пра славу...

Якой рознай можа быць слава... «Сусветная» слава таленавітага мастака, «гераічная» слава дальнабачнага палкаводца, «сціплая» слава простага рабочага, «інтэлігентная» слава навукоўца. Пра славу, пра подзвігі, пра доблесць разважалі ўвесь мінулы тыдзень чацвёртакласнікі ў Краязнаўчым музеі.

Хто з вас ведае, што герой руска-японскай вайны 1904-1905 гг. генерал Раман Кандраценка ў дзяцінстве вельмі добра вучыўся і часта атрыліваў адзнаку «12»? А хто ведае, што першы рускі лётчык-рэкардсмен Глеб Аляхновіч насіў акуляры? Ці што прафесар прыкладной механікі Санкт-Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута Віктар Кірпічоў першым у Расіі пачаў клапаціцца пра бяспеку простых рабочых?

«А што агульнага паміж гэтымі людзьмі?» - запытаецеся вы. Іх аб'ядноўвае не толькі тое, што ў жыцці яны заваявалі славу гераічнымі ўчынкамі і здатнасцю да складаных навук, але і тое, што ў свой час кожны з іх скончыў Полацкі кадэцкі корпус. Тыя веды і выхаванне, якія яны атрымалі за час навучання ў Полацку, заклалі трывалы падмурак для паспяховай і ваеннай, і навуковай кар'еры.

Якія навукі вывучалі кадэты 100-150 гадоў назад, як выхоўвалі ў сябе якасці сапраўдных вайскоўцаў, як гартавалі характар, як адпачывалі і як пераадольвалі ўсе перашкоды юныя наведвальнікі даведаліся на музейна-педагагічным занятку «Пра доблесць, пра подзвігі, пра славу... Полацкі кадэцкі корпус». Самастойныя разважанні, вясёлая гульня і пазнавальны фільм нікога не пакінулі абыякавым. А самыя ўражлівыя праявілі жаданне стаць сапраўднымі кадэтамі!

754