Запрашаем у госці!

Такімі словамі сустракалі сваіх маленькіх гасцей супрацоўнікі Краязнаўчага музея. Напярэдадні зімовых канікул трэцякласнікі наведалі музейна-педагагічны занятак, прысвечаны этнакультурным традыцыям беларусаў. Галоўная тэма занятка - паўсядзённыя стравы, якія гатавалі гаспадыні 100 гадоў таму. Інтэр'ер сялянскай хаты тых часоў, арыгінальныя прадметы побыту стварылі атмасферу прысутнасці дзяцей у вясковым доме. Незабыўныя ўражанні наведвальнікі атрымалі ад назірання за тым, як гаспадыня рашчыняла цеста, садзіла хлеб у печ на драўлянай лапаце і вынімала ўжо гатовы духмяны бохан. На занятку вучні змаглі паспрабаваць натаўчы ў ступе круп і напоўніць палатняны клінок для вырабу сыру, даведаліся, якія прыказкі і прымаўкі склаў народ пра самыя распаўсюджаныя стравы і як зрабіць сіні і чырвоны сыр. Занятак завершыўся праглядам відэасюжэта пра сучасных захавальнікаў старажытных традыцый - так званы "Клуб хлебапёкаў".

878