Музей, знаёмы з дзяцінства?

Толькі на першы погляд экспазіцыя музея не змяняецца. Уважлівы і зацікаўлены наведвальнік абавязкова заўважае змены, якія адбываюцца ў музеі: экспазіцыя дапаўняецца новымі прадметамі, адны экспанаты замяняюцца іншымі, больш цікавымі і паказальнымі, якія часцей за ўсё выбіраюцца з новых паступленняў у фонды.

Зусім нядаўна змены закранулі і стацыянарную экспазіцыю Краязнаўчага музея.

Аб майстэрстве полацкіх рамеснікаў-разьбяроў сведчыць знойдзены вядомым археолагам Р.В. Штыхавым на Верхнім замку фрагмент драўлянага вырабу ХІІІ ст., аздоблены па ўсёй паверхні густым рэльефным арнаментам.

Традыцыйна прывабнай для жанчын і дзяўчат з’яўляецца вітрына з ювелірнымі ўпрыгажэннямі, калекцыя якіх папоўнілася ў мінулым годзе прадметамі, выпадкова знойдзенымі на тэрыторыі Запалоцця палачанінам А.В. Бельчыкавым. Кольцападобныя завушніцы з ажурнымі пацеркамі ХІІІ ст., медная бразготка Х–ХІ стст., бранзалет з прадольнымі ўпрыгажэннямі ХІІ–ХІІІ стст. і гузікі паўсферычнай формы ХІ–ХІІІ стст. насілі на целе ці адзенні насельнікі Полацкага княства.

Рэгулярныя раскопкі пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі ПДУ Д.У. Дука даюць багаты археалагічны матэрыял. У 2005 г. на тэрыторыі былога Вялікага пасада сярод іншага была знойдзена жалезная кулялейка XVIII ст. – інструмент для адліўкі куль, які нагадвае абцугі. Побач з кулялейкай у вітрыне размясціліся і пяць свінцовых куль, перададзеныя ў фонды краязнаўцам А.Г. Бухавецкім у 2009 г.

Дзякуючы даследчай працы навуковых супрацоўнікаў музея-запаведніка, матэрыялы археалагічных раскопак і падарункі сяброў музея ў вітрыне – чарговы доказ таго, што музей – не застылая ў часе, а “дынамічная” ўстанова, дзе заўсёды можна знайсці штосьці новае і непаўторнае.

451