Ажываюць старонкі гісторыі

...Нашы продкі, бацькі і дзяды,
Родны край бераглі, шанавалі,
Білі ворагаў лютых заўжды
І за волю жыццё аддавалі...
Н. Ермак.

Памяць пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў баях за полацкую зямлю, жыве і сёння ў сэрцах палачан. Успомніць пра гераічнае мінулае нашай шматпакутнай зямлі ў чарговы раз вырашылі супрацоўнікі Краязнаўчага музея. Экскурс па старонках ваеннай гісторыі разам з музейшчыкамі праводзілі і юныя экскурсаводы са школьных музеяў. Усіх зачараваў сваімі акцёрскімі здольнасцямі Дзмітрый Сяліцкі (школа №15), які распавёў пра традыцыі полацкіх кадэтаў, іх свавольствы і любімыя заняткі. Яшчэ болей уразіў вобраз палачанкі, якая чакала свайго мужа з фронту, у выкананні Іны Саленкі (гімназія №1). Яна прачытала пісьмо ад мужа-салдата і выканала народную песню. Не пакінула нікога абыякавым і творчая справаздача ўдзельніка пошукавага атрада Андрэя Касенкі (школа №1). На ўсе пытанні наведвальнікаў музея хлопчык адказваў ярка і ўпэўнена. Экскурсіі былі шматлюднымі дзякуючы піар-кампаніі, якую дапамаглі арганізаваць вучаніцы гімназіі №2 Ала Лапкіна і Аляксандра Лапцік. Валанцёры Краязнаўчага музея ў якасці падарунка атрымалі запрашэнні на канцэрт арганнай музыкі ў Сафійскім саборы.

265