Полацк – Горкі – Полацк: повязь лёсаў і гарадоў

З кожным годам усё меней і меней застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Пра выпрабаванні, якія выпалі на іх долю, пра ўдзел у баявых аперацыях, пра дзейнасць у гады вайны, сёння яшчэ могуць расказаць іх дзеці і ўнукі, што не толькі захоўваюць памяць пра сваіх родных, але і зберагаюць розныя рэчы ваеннай пары. Навуковая камандзіроўка, якую арганізавалі супрацоўнікі НПГКМЗ Ірына Воднева і Таццяна Смірнова, дазволіла папоўніць фонды музея-запаведніка новымі і цікавымі прадметамі 1940-1960-х гг. Падчас паездкі ў горад Горкі да дзяцей былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны была сабрана каштоўная інфармацыя пра Полацкі дом дзіцяці, выхаванцы якога былі эвакуіраваны ў Чувашскую АССР, пра пасляваеннага старшыню Полацкага гарвыканкама Партнова С.П., пра галоўнага архітэктара Полацка, якому прыйшлося ўзнаўляць знешні выгляд пасляваеннага горада, Глазунова М.П. Пранікнёныя аповеды Альбіны Мікалаеўны Глазуновай і Маі Сямёнаўны Партновай аб сваіх родных сталі сапраўдным кладзезем ведаў пра тых, хто ствараў гісторыю самага старажытнага горада Беларусі, быў яго тварам, чый уклад у аднаўленне і развіццё Полацка цяжка пераацаніць.

362