Кароткі экскурс у гісторыю Полацка

Краязнаўчы музей старажытнейшага беларускага горада размяшчаецца ў былой Лютэранскай кірсе, помніку архітэктуры неаготыкі, які быў пабудаваны на пачатку XX ст. Музей заснаваны i адкрыты ў 1926 г. На працягу апошніх гадоў экспазіцыя некалькі разоў перапрацоўвалася. Сёння амаль 1500 цікавых музейных рэчаў адлюстроўваюць важнейшыя старонкі гісторыі горада.

Найбольш старажытныя сляды дзейнасці першабытнага чалавека на Полацкай зямлі адносяцца да эпoxi мезаліту. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы археалагічнага даследавання адной з мезалітычных стаянак (Сямёнаў хутар). Гэта разнастайныя крамянёвыя прылады працы невялікіх памераў: нажы, скрабкі, наканечнікі стрэл. Экспануюцца тут i выпадкова знойдзеныя прадметы: бівень маманта, прылады працы эпoxi неаліту i бронзавага веку. Помнікі жалезнага перыяду ў экспазіцыі прадстаўлены ў асноўным вырабамі з косці, сярод якіх праколкі, амулеты, качадыкі, шпількі.

Полацк узнік на востраве ракі Палата, на месцы паселішча балтаў ранняга жалезнага веку. 3 цягам часу вакол гарадзішча вырасталі пасады, а ў другой палове X ст. умацаваны дзядзінец быў перанесены на высокі правы бераг paкі Заходняя Дзвіна. Уяўленне аб старажытным паселішчы i горадзе XII ст. даюць дыярамы, дзе дакладна адлюстравана тапаграфія Полацка. Матэрыялы даследавання археалагічных помнікаў сведчаць аб занятках тагачаснага насельніцтва, гандлёвых сувязях Полацкай зямлі. У экспазіцыі прадстаўлены вырабы ганчароў, кастарэзаў, кавалёў, ювеліраў i іншых рамеснікаў, што сведчыць аб высокім узроўні майстэрства нашых продкаў. Сведкамі гандлёвых сувязяў з'яўляюцца такія цікавыя экспанаты, як ракавіны кауры з Мальдыўскіх астравоў Індыйскага акіяна, шкляныя пацеркі i бранзалеты з Kieвa, бурштын з Прыбалтыкі, арабскія куфічныя дырхемы.

Цэласнасць i незалежнасць Полацкага княства трэба было ўвесь час абараняць, часта са зброяй у руках. Таму ў музеі шырока прадстаўлены прадметы ваеннага прызначэння: баявыя сякеры, навершы булаў, наканечнікі стрэл, кальчуга i меч старажытнага воіна X ст.

У пачатку ХІV ст. Полацк увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага, а ў 1579 г. – Рэчы Паспалітай. Матэрыялы экспазіцыі расказваюць аб найбольш цікавых старонках гісторыі горада гэтых перыядаў: удзел палачан у Кулікоўскай i Грунвальдскай бітвах, наданне гораду магдэбургскага права, захоп Полацка войскам Івана Грознага падчас Лівонскай вайны, штурм горада войскамі Стэфана Баторыя, з'яўленне ў Полацку езуітаў i прадстаўнікоў іншых ордэнаў каталіцкай царквы.

Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай Полацк увайшоў у склад Расійскай імперыi. У розныя часы ён быў цэнтрам губерні, намесніцтва, павета. Усе гэтыя факты адміністратыўных падзелаў адлюстраваны ў экспазіцыі праз дакументы, карты, геральдычныя i нумізматычныя матэрыялы.

Падчас Айчыннай вайны 1812 г. тэрыторыя Полацка стала арэнай ваенных дзеянняў. У экспазіцыі змешчаны партрэты палкаводцаў, ваенны рыштунак i адзенне, копіі карцін з адлюстраваннем баёў пад Клясціцамі i ў Полацку. Выклікаюць цікавасць узоры зброі таго часу: пісталеты, цесакі, шаблі.

У XIX–пачатку XX ст. Полацк становіцца павятовым горадам. Характэрнай рысай гэтага перыяду было з'яўленне шэрага невялікіх заводаў i фабрык. Штуршок развіццю эканомікі дала пракладка спачатку Рыга–Арлоўскай, а затым Мікалаеўскай чыгунак. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, узоры прадукцыі фабрык, прадметы побыту, якія можна было бачыць у крамах i майстэрнях, фотаздымкі вакзалаў, падборка паштовак пачатку XX ст. з відамі горада.

Рэвалюцыйныя падзеі 1905 г., першая сусветная вайна i нямецкая акупацыя Полацка ў 1918 г. прадстаўлены ў музеі праз дыярамы, карты-схемы, ваенны рыштунак, зброю, калекцыю баністыкі i ўзнагароды рускіх i нямецкіх афіцэраў i салдат.

Апошнія дзесяцігоддзі далі магчымасць па-новаму паказаць жыццё Полацка ў 1920–1930-я гг. Вялікая калекцыя баністыкі, дакументы, фотаздымкі, зброя, прадметы побыту, друкаваныя і перыядычныя выданні, перададзеныя ў большасці або непасрэдна самімі ўдзельнікамі тых падзей, або іх роднымі, дазваляюць пазнаёміцца з асаблівасцямі палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця горада ў 1917–1941 гг. Каштоўнай і цікавай з’яўляецца калекцыя матэрыялаў, перададзеная Ганаровым грамадзянінам г. Полацка П. І. Дэйнісам, а таксама дакументы, якія яскрава адлюстроўваюць палітыку сталінскай дыктатуры.

Працягам аповеду аб гісторыі горада часоў Вялікай Айчыннай вайны з’яўляецца экспазіцыя Музея баявой славы.