Новыя звесткі пра лютэранскую кірху

Старажытны горад Полацк, на вялікі жаль, захаваў не так многа помнікаў архітэктуры. Па розных прычынах храмы і кляштары былі або разбураны знарок людзьмі, або зруйнаваны падчас войнаў. Да так званых "шчаслівых" будынкаў можна аднесці былую лютэранскую кірху, размешчаную на вуліцы Ніжне-Пакроўскай. Гэтая пабудова сёння з'яўляецца адзіным помнікам неаготыкі ў нашым горадзе. Чырвоная цэгла, шпіль, востраканцовыя вежы-пінаклі, стрэльчатыя вокны - гэта характэрныя асаблівасці архітэктуры гатычных храмаў. Іх усе можна ўбачыць у полацкай царкве.

Даследчыкі, пазнаёміўшыся з дакументамі розных архіваў, так і не змаглі знайсці дакладнай даты пабудовы кірхі. Храм адносілі да канца ХІХ ст. - пачатку ХХ ст. І толькі ў гэтым годзе супрацоўнікам Краязнаўчага музея пашанцавала. Сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь былі знойдзены некалькі лістоў і зваротаў полацкіх лютэранаў, рапарт полацкага паліцмайстара, дзе вызначалася дакладная дата пабудовы.

Раней набажэнствы праходзілі ў драўляным малітоўным доме. У звароце Дэпартамента духоўных спраў замежнага веравызнання да віцебскага губернатара прапаноўвалася пабудаваць новую мураваную царкву замест старой драўлянай, якая моцна спарахнела. Патрэба ў новай пабудове з'явілася з-за вялікай колькасці лютэран у Полацку і павеце - 850 чалавек. Да таго ж свайго мясцовага пастара ў палачан не было. Набажэнствы праводзіў віцебскі святар.

Новы храм быў пабудаваны за паўтара гады, і лютэранская кірха была ўрачыста адкрыта 18 снежня 1888 года. Мураваны храм асвяцілі ў гонар Святой Марыі.

Абрад асвячэння пачаўся ў 10 гадзін раніцы. Духавенства і прыхаджане сабраліся спачатку ў былым малітоўным доме, дзе віцебскі пастар Каролін прачытаў развітальную пропаведзь. Затым у новую царкву перанеслі Святыя дары і Евангелле, правялі богаслужэнне - спачатку на нямецкай мове, а потым на лацінскай. Пасля службы ў 16 гадзін у памяшканні жаночага пансіёна спадарыні Вільгельміны Рульковіус у гонар адкрыцця полацкай Евангелічна-Лютэранскай царквы Святой Марыі адбыўся званы абед.

У дакументах пачатку ХХ ст. сустракаецца імя полацкага святара Лютэранскай царквы Фелікса Максімавіча (Максіміліянавіча) Берчы. Яго дом месціўся на вуліцы Ніжне-Пакроўскай насупраць кірхі.

Пасля рэвалюцыі адносіны да рэлігіі ў новай краіне змяніліся. Па ўспамінах краязнаўцы Івана Дэйніса, храм быў закрыты ў 1924 годзе, а з пачатку 1930-х гг. у былую кірху перавялі Акруговы краязнаўчы музей з Сафійскага сабора. Ёсць звесткі, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў царкве зноў праходзілі набажэнствы. У пасляваенны перыяд у кірсе некаторы час месціўся гарадскі кінатэатр, потым у ёй захоўвалі зерне, а ў 1950 г. у храме зноў размясцілася экспазіцыя краязнаўчага музея. Магчыма, дзякуючы менавіта гэтаму наш горад захаваў прыгожы помнік неаготыкі, які, нягледзячы на нешматлікія перабудовы, не згубіў сваёй мастацкай каштоўнасці і сёння.