У Новым годзе — новыя задачы

5 студзеня 2023 г. адбыўся чарговы сход Полацкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды», членамі якога з'яўляюцца і прадстаўнікі НПГКМЗ – С.П. Копыл, Ю.А. Аўчыннікава, І.П. Воднева. На сходзе былі вызначаны мэты і задачы аб'яднання на бягучы год, а таксама падведзены вынікі яго работы па рэалізацыі інфармацыйна-асветніцкага праекта «Спадчына Полацкай зямлі». З асноўнымі напрамкамі работы і задачамі, якія стаяць перад аб'яднаннем у 2023 г. прысутных азнаёміла С.М. Валюшкіна, намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта. У мэтах кансалідацыі беларускага народа, умацавання ў грамадстве ідэй міру і стваральнай працы як галоўных умоў развіцця беларускай дзяржавы 2023 год у Рэспубліцы Беларусь аб'яўлены Годам міру і стваральнасці. Таму ключавымі напрамкамі ў наступным годзе будуць удасканаленне сістэмы ваенна-патрыятычнага выхавання насельніцтва, прасоўванне мірных ініцыятыў грамадзян і грамадскасці, садзейнічанне міжканфесійнаму дыялогу, пазіцыянаванне стваральнай працы як галоўнай умовы развіцця беларускай дзяржавы. У гэтым працэсе сур'ёзная роля адводзіцца аб'яднанню «Беларускае таварыства «Веды» і яго структурным падраздзяленням, у тым ліку і Полацкаму. С. М. Валюшкінай была адзначана паспяховая праца ў 2022 г. па праектах С. П. Копыла «Нельга забыцца. Нельга зразумець. Нельга апраўдаць» аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і І.П. Водневай «Народжаныя перамагаць» аб 100-гадовай гісторыі полацкага спорту.

Разгорнуты аналіз працы па праекце «Спадчына Полацкай зямлі» дала І.П. Воднева, загадчык Краязнаўчага музея Полацка, намеснік старшыні Полацкай раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды». У сваім выступленні яна адзначыла, што з красавіка па лістапад 2022 г. на базе музея была праведзена серыя лекцый, прысвечаная гісторыі Полаччыны, а ў снежні прадстаўнікі шэрагу полацкіх прадпрыемстваў і арганізацый (14 каманд) прынялі ўдзел у інтэлектуальным марафоне «Памятныя старонкі 1812», новай форме музейнай камунікацыі. Гэта значыць, што работа аб'яднання «Беларускае таварыства «Веды» цікавая і запатрабаваная многімі жыхарамі не толькі горада, але і раёна.

547