У краіне майстроў

На гэтым тыдні ў Краязнаўчым музеі Полацка прайшлі музейна-педагагічныя заняткі «У краіне майстроў». Навучэнцы пачатковых класаў СШ №10 і СШ № 16 даведаліся шмат цікавага пра полацкіх умельцаў розных гадоў. «Пабываўшы» на полацкім кірмашы XII ст., яны пазнаёміліся з асаблівасцямі вытворчасці кавальскіх і ганчарных вырабаў, асноўнымі этапамі апрацоўкі скуры і вырабу з яе абутку. Не толькі дзяцей, але таксама педагогаў і бацькоў зацікавіў расказ музейнага работніка аб прадстаўленых у экспазіцыі розных відах зброі, якой больш за 700—900 гадоў. Асаблівае ажыўленне ў дзяцей выклікала гульня з глінянай свістулькай. А ў канцы занятку ў імправізаванай «майстэрні» вучні сваімі рукамі паспрабавалі вырабіць ляльку з нітак.

695