Удзел супрацоўніка Краязнаўчага музея ў навуковай канферэнцыі «Віцебскія старажытнасці»

11 лістапада 2021 г. загадчык Краязнаўчага музея Ірына Воднева прыняла ўдзел у VII навуковай канферэнцыі «Віцебскія старажытнасці», прысвечанай 1000-годдзю першай згадкі Віцебска ў старажытнарускіх летапісах. У мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 30 даследчыкаў з Беларусі і Расіі. Важкая частка дакладаў была прысвечана археалагічнаму вывучэнню тэрыторый былога Полацкага княства, а таксама ўкладу ў іх даследаванне вучоных розных гадоў. У час работы канферэнцыі былі агучаны тэмы захавання і ўліку аб'ектаў спадчыны, ролі Л.В. Аляксеева, А.М. Семянтоўскага, А.П. Сапунова ў вывучэнні гісторыі Віцебшчыны, выкарыстання музейных калекцый са збору ВАКМ у экспазіцыйнай дзейнасці. У праграму канферэнцыі ўвайшла і прэзентацыя кнігі Л.У. Калядзінскага «Верхні замак Віцебска (XI-XVIII стст.)», прысвечанай археалагічнаму вывучэнню аднаго з найстарэйшых беларускіх гарадоў. У сваім выступленні аўтар кнігі, вядомы беларускі археолаг, звярнуў увагу на падрыхтоўку сваёй манаграфіі, на дапамогу калег і мастакоў, сярод якіх і супрацоўнікі Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, на неабходнасць прадаўжэння археалагічных пошукаў на тэрыторыі Віцебска. У рамках мерапрыемства была адкрыта і новая выстаўка «Даследчык Полацкай зямлі Л.В. Аляксееў», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння вядомага вучонага, археолага, доктара гістарычных навук Л.В. Аляксеева. Асновай для часовай экспазіцыі паслужылі фотаматэрыялы са збору абласнога музея, якія пасля смерці Леаніда Васільевіча былі перададзены ў Віцебск яго сям'ёй.

672