«Выходзяць на арэну асілкі» або паўэрліфтынг у Полацку

У рамках Міжнароднай акцыі «Ноч музеяў-2021» у Краязнаўчым музеі Полацка на пляцоўцы выставы «Народжаныя перамагаць» прайшла сустрэча з майстрамі спорту міжнароднага класа па паўэрліфтынгу Сяргеем Мураўёвым і Дзмітрыем Яневічам. На ёй прысутнічалі больш за 50 чалавек, якія пазнаёміліся з гісторыяй з'яўлення паўэрліфтынгу ў Полацку, цяжкасцямі стварэння матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўдзелу ў першых спаборніцтвах. Аб рабоце трэнажорнай залы на стадыёне «Спартак» у пачатку 1990-х гг. эмацыйна распавядаў Аляксандр Сцяпанавіч Аўдачонак, трэнер па цяжкай атлетыцы, старшыня Полацкай раённай арганізацыі ветэранаў фізкультуры і спорту. Ён з гонарам казаў пра тое, што гэтую залу выбіралі для правядзення чэмпіянатаў Рэспублікі Беларусь, хоць афіцыйна паўэрліфтынгу як асобнага віду спорту ў Полацку тады яшчэ не было. Толькі ў сярэдзіне 1990-х гг. з'явіліся спартсмены, якія даказалі, што ў паўэрліфтынгу ў горадзе ёсць будучыня. Гэта – С. Мураўёў, Р. Мурашка, Дз. Яневіч і інш. Наведаўшыя мерапрыемства Сяргей Уладзіміравіч Мураўёў і Дзмітрый Мікалаевіч Яневіч, падзяліліся з удзельнікамі сустрэчы сваімі ўспамінамі аб тым, як прыйшлі ў паўэрліфтынг, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся і як іх пераадольвалі. Яны з задавальненнем адказвалі на пытанні, якія тычыліся асноўных супернікаў полацкіх спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах, перспектыў развіцця паўэрліфтынгу ў горадзе, прыцягнення моладзі ў гэты від спорту, а таксама супрацоўніцтва спартсменаў з мясцовымі СМІ. Ажыўленне ў зале выклікала дэманстрацыя Дз. Яневічам асобных практыкаванняў сілавога трохбор'я. Удзельнікі сустрэчы змаглі таксама пазнаёміцца з дасягненнямі спартсменаў, пацверджанымі спецыяльнымі сертыфікатамі, медалямі і кубкамі 1997-2019 гг. Сустрэча выклікала шмат станоўчых эмоцый, як у дзяцей, так і дарослых.

Аб спартыўным жыцці С. Мураўёва і Дз. Яневіча можна даведацца тут.

860