«Жыў годна 70 гадоў»

14 красавіка 2021 г. супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка наведалі ПДУ, дзе была прадстаўлена надмагільная пліта аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры – Яна Баршчэўскага. Яе выяўленне два гады таму ў г. Чуднаў Жытомірскай вобл. (Украіна) стала навуковай сенсацыяй, бо дазволіла ўстанавіць практычна дакладную дату нараджэння пісьменніка. На пліце змяшчаецца надпіс на польскай мове, які ў перакладзе на беларускую чытаецца так: «Ян Баршчэўскі, прыхільнік Бога, прыроды і людзей, пісьменнік натхнення і пачуцця. Жыў годна 70 гадоў. Памёр 28 лютага 1851 года». Супрацоўнікі Музея баявой садружнасці г.п. Расоны прадставілі прысутным біяграфічны альманах «Паэт і казачнік з Расонскага краю», у якім паказалі значнасць асобы і творчасці Я. Баршчэўскага для Беларусі. Эмацыянальнымі і змястоўнымі былі выступленні загадчыка кафедры славянскай філалогіі С.М. Лясовіч і загадчыка кафедры гісторыі і турызму А.І. Корсак, якія адзначылі сімвалічнасць прадстаўлення пліты ў будынку былога езуіцкага калегіума: тут калісьці вучыўся будучы пісьменнік Я. Баршчэўскі. Свае вакацыі ён праводзіў у падарожжах, збіраючы легенды роднага краю. Некаторыя з іх былі выкарыстаны пры напісанні Я. Баршчэскім твора «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Спецыялісты кафедры славянскай філалогіі і сёння займаюцца даследаваннем гэтага найцікавейшага твору. У мерапрыемстве прымала актыўны ўдзел і студэнцкая моладзь ПДУ. Яе прадстаўнікі гаварылі аб творчасці Я. Баршчэўскага і чыталі свае першыя вершы. Надмагільная пліта будзе прадстаўлена таксама ў Віцебску і Мінску, пасля чаго яе вернуць у г. Чуднаў і ўсталююць ля падножжа помніка Я. Баршчэўскаму.

804