Да юбілею даследчыка Полацкай зямлі Л.В. Аляксеева

15 студзеня 2021 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння археолага, доктара гістарычных навук Л.В. Аляксеева. Нарадзіўся Леанід Васільевіч Аляксееў у Растове-на-Доне. У 1948 г. скончыў гістарычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. Працоўную дзейнасць пачынаў у гісторыка-археалагічным музеі г. Гродна, а з 1962 па 1966 г. выкладаў археалогію ў Магілёўскім педінстытуце. Пазней, вярнуўшыся ў Маскву, практычна да апошніх дзён свайго жыцця працаваў у Інстытуце археалогіі АН СССР (з 1991 г. - ІА РАН). Сферай яго навуковых інтарэсаў была сярэднявечная гісторыя Полаччыны і Смаленшчыны. Леанід Васільевіч Аляксееў лічыў, што менавіта вывучэнне археалагічных знаходак ІХ-ХІІ стст., дазволіла вызначыць ролю Полацкага княства ў часы існавання першых дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Усходняй Еўропы. У 1955 г. Л.В. Аляксееў абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Полацкая зямля ў IX-XII стст.», а ў 1985 — доктарскую. Яго навуковым кіраўніком быў акадэмік Б.А. Рыбакоў. Яшчэ адной працай Леаніда Васільевіча, прысвечанай Дняпроўска-Дзвінскаму міжрэччу, стала манаграфія «Заходнія землі дамангольскай Русі: нарысы гісторыі, археалогіі, культуры» у двух кнігах, выдадзеная ў 2006 г. Трэцяя кніга выйшла ў суаўтарстве з В.П. Багданавым, вучнем археолага, але ўжо пасля смерці Л.В. Аляксеева.
З Полацкам Леаніда Васільевіча звязвае і гісторыя Крыжа Еўфрасінні Полацкай — шэдэўра ювелірнага мастацтва XII ст., які бясследна знік у гады Вялікай Айчыннай вайны. Фатаграфіі Крыжа, дакладней — 19 іх негатываў, Л.В. Аляксееў выявіў у архівах Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР у 50-я гг. XX ст. Яны былі зроблены яшчэ ў 1896 г. фатографам археалагічнай камісіі І.Ф. Чысцяковым. Знойдзеныя Л.В. Аляксеевым фотадакументы і яго карпатлівая даследчая праца дазволілі беларускаму ювеліру М.П. Кузьмічу ў 1997 г. аднавіць Крыж Еўфрасінні Полацкай.
Л.В Аляксееў часта прыязджаў у Полацк і быў жаданым госцем у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры і Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.

912