Знайсці сябе

Яскравым прыкладам чалавека з абмежаванымі магчымасцямі, які знайшоў сябе не толькі ў асабістым, але і грамадскім жыцці, з'яўляецца лёс палачанкі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза. Франтавая медсястра, якая страціла рукі і ногі, знайшла ў сабе сілы не проста жыць, быць кахаючай жонкай і маці, але і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны. Выступленні Зінаіды Міхайлаўны часта можна было пачуць па радыё. Яна сустракалася з прадстаўнікамі працоўных калектываў і моладдзю, вяла перапіску з сотнямі адрасатаў. Яе словы ўсялялі ў слухачоў веру ва ўласныя сілы і надзею на лепшую будучыню.
Сёння не толькі ў Полацку, але і далёка за межамі Беларусі вядомыя імёны палачан фехтавальшчыкаў-калясачнікаў Мікалая Без'язычнага і Андрэя Праневіча. Прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, чэмпіянатаў свету і Еўропы, а таксама паспяховыя ўдзельнікі сусветных спартыўных спаборніцтваў для інвалідаў — Паралімпійскіх гульняў. Абодва спартсмены — выхаванцы полацкага трэнера Сямёна Яфімавіча Сушчына. Яшчэ ў 1990-я С. Сушчын набыў у горадзе будынак на вул. Стралецкай, зрабіў у ім рамонт і абсталяваў залу для заняткаў фехтаваннем моладзі з абмежаванымі магчымасцямі. Усе прыбыткі ад свайго бізнэсу ён ўкладваў у любімую справу. Вынікі не прымусілі сябе чакаць. Мікалай Без'язычны стаў віцэ-чэмпіёнам Паралімпійскіх гульняў у 2008 г., а Андрэй Праневіч — іх чэмпіёнам ў 2016 г. Дзякуючы трэнеру і ўласным намаганням гэтыя хлопцы знайшлі сябе ў спорце. У адным з інтэрв'ю СМІ Андрэй Праневіч раіў людзям, у якіх узніклі сур'ёзныя праблемы са здароўем: «Апускаць рукі і скардзіцца: «Вось, са мной здарылася бяда» — нельга. Далей можна жыць, і жыць нядрэнна. Трэба круціцца, нешта спрабаваць, прабівацца кудысьці, не сядзець дома... Трэба самому спрабаваць сабе дапамагчы. Па-іншаму — ніяк!». І ў гэтым, напэўна, сакрэт поспеху людзей няпростага лёсу.