Памяці Мікалая Фёдаравіча Рабаконя

29 лістапада 2020 г. на 89 годзе абарвалася жыццё легендарнага полацкага трэнера па лёгкай атлетыцы Мікалая Фёдаравіча Рабаконя. Яго імя добра вядома не толькі ў нашым горадзе, але і далёка за яго межамі. Пад яго кіраўніцтвам пуцёўку ў беларускае спартыўнае жыццё атрымалі дзясяткі лёгкаатлетаў, яго выхаванцы - гэта рэкардсмены рэспублікі і Еўропы, многія з яго вучняў перайшлі на трэнерскую працу, і практычна ўсе зрабілі спорт часткай свайго жыцця.
З Полацкам Мікалая Фёдаравіча лёс звязаў роўна 60 гадоў таму назад, у верасні 1960, калі ён быў прыняты на працу трэнерам па лёгкай атлетыцы ў Полацкую ДзЮСШ. Будучы да таго часу ўжо выніковым і паспяховым спартсменам, захапляючыся не адзін год мнагабор'ем, ён выдатна ведаў цану кожнай узнагароды. Таму скончыўшы з адзнакай Смаленскі інстытут фізкультуры, усе атрыманыя там тэарэтычныя веды ён стаў упэўнена замацоўваць на практыцы.Яго выхаванцы не былі нейкімі асаблівымі, простыя полацкія школьнікі, але ў кожным з іх ён умеў разглядзець асобу, да кожнага знайсці свой прафесійны падыход, і яго хлопцы, прайшоўшы са сваім настаўнікам нялёгкі спартыўны шлях перамог і паражэнняў, у выніку станавіліся гонарам усёй краіны. Так, Ларыса Клемянцёнак (скачкі ў вышыню) і Маргарыта Папова (спрынт) атрымалі найвышэйшае спартыўнае званне - майстар спорту міжнароднага класа.Да ліку лепшых вучняў можна аднесці і майстроў спорту СССР і РБ Алега Кузняцова (скачкі ў даўжыню), Таісію Серафімаву (скачкі ў вышыню), Юрыя Мішукова (кіданне дыска), Ігара Навіцкага (штурханне ядра), Генадзя Філіпава (кіданне дыска), Пятра Крухтанава (штурханне ядра), Ганну Брыль (кіданне молата) і іншых. Каб вырасціць чэмпіёна, трэба быць універсальным чалавекам, і ў Мікалая Фёдаравіча гэта атрымалася.Праз гады яго выхаванцы ўспаміналі, што заняткі фізкультурай станавіліся для іх часткай жыцця, на трэніроўках хапала цяжкасцяў, часта з'яўлялася жаданне ўсё пакінуць, але Мікалай Фёдаравіч знаходзіў тыя словы, якія не давалі магчымасць кінуць усё на паўдарозе. Дзяўчынкі і хлопчыкі разам са сваім настаўнікам упэўнена ішлі наперад, і стаўшы дарослымі і самастойнымі, захоўвалі памяць пра любімага педагога на доўгія гады.
Сярод захапленняў Мікалая Фёдаравіча быў не толькі спорт, але яшчэ музыка і спевы. Ён добра іграў на баяне, любіў спяваць рамансы, неаднаразова прымаў удзел у канцэртах па запрашэнні полацкага архіепіскапа Феадосія. Дома на фартэпіяна ў яго заўсёды былі раскладзеныя ноты і тэксты новых песен.
Да апошніх дзён Мікалай Фёдаравіч стараўся быць актыўным, па магчымасці чытаў і спяваў, сустракаўся або стэлефаноўваўся з сябрамі і былымі вучнямі. Ён любіў гэтае жыццё, любіў, нягледзячы ні на што, разумеючы, што пражыў яго годна, пакінуўшы на гэтай зямлі вельмі яркі і прыкметны след. А наша задача яго не страціць.

968