Анлайн-праект «Навагодні калейдаскоп»

Адным з найбольш чаканых жыхарамі краіны святаў з'яўляецца Новы год. Усяго некалькі дзесяцігоддзяў таму яго складана было ўявіць без нізкай тэмпературы паветра, снегу, гурбаў і завей. Часы змяніліся - зіма стала цёплай і амаль бясснежнай. Але, па-ранейшаму, да Новага года ўсе пачынаюць рыхтавацца задоўга да яго прыходу: упрыгожваюць гірляндамі крамы і грамадскія будынкі, на плошчах ставяць вялікія ёлкі, ладзяць перадсвяточныя кірмашы. З нецярпеннем чакаюць навагоднія ранішнікі дзеці, а іх бацькі з энтузіязмам шыюць карнавальныя касцюмы і карнавальныя маскі.
Аднак у 2020 г. у наш побыт трывала ўвайшла іншая маска - медыцынская, але гэта не значыць, што свята адмяняецца! Паспрабуем паверыць у тое, што ўсе беды і непрыемнасці застануцца ў мінулым і створым сабе добры навагодні настрой.
Супрацоўнікі Краязнаўчага музея Полацка прапануюць Вам прыняць удзел у анлайн-праекце «Навагодні калейдаскоп». На працягу снежня месяца на нашым сайце Вы зможаце даведацца пра асаблівасці навагодніх выпускаў полацкіх газет мінулых гадоў і пра развіццё зімовых відаў спорту ў нашым горадзе. А яшчэ Вас чакаюць інтэлектуальныя гульні і фотамарафон «Зіма ў маім горадзе ў другой палове XX ст.» Упусціце свята ў сваё жыццё!

951