Да Дня маці!

Designed by pch.vector / Freepik

14 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь вось ужо ў 24 раз адзначаюць Дзень маці. Але карані гэтага свята сыходзяць глыбока ў гісторыю і носяць рэлігійны характар. Прынята лічыць, што ў X ст. Багародзіца явіла сябе вернікам у Ерусаліме і накрыла іх белым покрывам, імкнучыся абараніць «дзяцей божых». Таму Дзень маці супадае з хрысціянскім святам Пакрова Прасвятой Багародзіцы.

У нашай краіне Дзень маці - гэта дзень падзякі жанчыне, якая падаравала дзецям жыццё. У Полацкім раёне ў гэтым годзе зарэгістраваныя 500 нованароджаных. Маці, якія маюць траіх ці больш дзяцей, атрымліваюць статус шматдзетных. У Полацкім раёне такіх сем'яў больш за 800.

З 1995 году шматдзетныя маці, якія маюць пяць дзяцей, паспяховыя ў прафесійнай дзейнасці і якія вядуць актыўную грамадскую працу, прадстаўляюцца да ўзнагароджання ордэнам Маці. У Віцебскай вобласці больш за 750 жанчын удастоены гэтай узнагароды, у Полацкім раёне - 53. Прычым палачанкі А.Р. Лоўкіна і М.А. Навумовіч выхоўваюць па 10 дзяцей, а А.У. Малюк з в. Бельчыцы і Т.К. Кагукіна з в. Фарынава па 7 дзяцей.

У 2003 г. рашэннем Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў мэтах павышэння прэстыжу мацярынства і ўмацавання інстытута сям'і было зацверджана Палажэнне аб прэміі імя Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка. Прэмія прысуджаецца штогод у кастрычніку 25 жанчынам Віцебскай вобласці за высокі маральны прыклад ва ўмацаванні сям'і і выхаванні дзяцей, усталяванне і падтрыманне гарманічных сямейных адносін. За 17 гадоў існавання гэтай прэміі ў вобласці яе былі ўдастоены больш за 500 маці. У Полацкім раёне прэмія імя Героя Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка прысуджана 22 жанчынам. Гэта: А.М. Рудамыла (2003), Ю.В. Дабранава (2004), Л.М. Багдановіч (2006), Т.І. Ясюк (2006), Т.Дз. Дубко (2007), К.М. Пагарэлая (2007), Н.Я. Котава (2008), Г.С. Бардова (2009), А.Г. Сыцэвіч (2010), А.Ю. Карабань (2010), Н.П. Самсонава (2011), І.К. Курчэўская (2012), С.В. Кліменцьева (2012), А.П. Ткачова (2012), Т.М. Захаранкава (2013 года), Т.М. Бухаловіч (2014), А.В. Цецярук (2015), В.В. Праневіч (2016), А.М. Святкоўская (2017), Ж.Б. Янкоўская (2018), Л.П. Дубанос (2019), М.В. Семчанка (2020).

Сёння, у гэты святочны дзень, хай сэрцы мам будуць сагрэтыя цяплом любові іх дзяцей!

58