"Ад газетнага артыкула да Зоркі Героя": да 100-годдзя з дня нараджэння З.М. Тусналобавай-Марчанка

Памяць аб героях – справа ўсеагульная, але бывае так, што ў паўсядзённай руціне мы страчваем сувязь пакаленняў, забываем сваё мінулае, сваю гісторыю.
Ішоў 1957 год. Прайшло больш за 10 гадоў, як скончылася Вялікая Айчынная вайна… У Полацку на вуліцы Леніна жыла жанчына–інвалід Зінаіда Тусналобава-Марчанка. Вайна забрала ў яе здароўе, але не зламіла характар. У 1944 годзе, калі вызвалялі яе родны Полацк, 23-гадовая дзяўчына, застаўшыся без рук і без ног, прасіла савецкіх воінаў адпомсціць за яе. І па фашыстах стралялі танкі, іх бамбілі з самалётаў, на якіх былі напісаны тры кароткіх словы: “За Зіну Тусналобаву!”.
Калі скончылася вайна, Зіна вярнулася ў Полацк, не адна, а са сваім мужам, які закахаўся на ўсё жыццё ў мужную і рашучую дзяўчыну. Тут у Зіны і Іосіфа нарадзіўся сын, каля дома вырас яблыневы сад, тут з’явілася надзея на лепшае, але цяжкасцей па-ранейшаму хапала.
Лета 1957 года стала вызначальным для Зіны Тусналобавай - пра яе зноў загаварылі амаль усе газеты. У адным з інтэрв’ю маскоўскай газеце лётчык Пётр Андрэеў, баявы таварыш З. Тусналобавай, узгадаў імя бястрашнай палачанкі і яе незгасальную веру ў Перамогу. Калі карэспандэнт Н. Грэцан напісаў ліст Зіне і спытаў пра яе сучаснае жыццё, то акрамя радкоў з удзячнасцю, былі і словы горычы. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны жыла на невялікую пенсію ў 572 рублі. Сям’я з 4-х чалавек мела матэрыяльныя цяжкасці, на зарплату Іосіфа Марчанкі пражыць разам з непрацоўнай маці і маленькім сынам было вельмі складана. Пасля размовы з Зінай, ваенны карэспандэнт “Савецкай Беларусі” звярнуўся да мясцовых улад – “Чаму забылі пра Зіну Тусналобаву?”. Кіраўніцтва горада адказала, што дапамагло сям’і пераехаць у цэнтр горада, зрабіць рамонт у кватэры, а зараз хадатайнічае аб спісанні трэццяй часткі ссуды, якую сям’я атрымала на набыццё жылля. У горадзе, які быў амаль поўнасцю разбураны падчас вайны і згубіў большую частку насельніцтва, Зінаіда Тусналобава не была пакінута без ўвагі, але дапамогі чакалі і іншыя.
Газетны артыкул і ліст у Полацкі гарвыканкам занава заставілі успомніць мужную палачанку, стаўшую чалавекам-легендай. Ці была яшчэ ў СССР жанчына з такім непаўторным лёсам, з такой прагай да жыцця? У выніку пачалося актыўнае ліставанне, з’явіліся артыкулы ў газетах, у Зінаіды штодзённа сталі браць інтэрв’ю, а ў снежні 1957 года быў падпісаны загад аб прысваенні З.М. Тусналобавай-Марчанка звання Героя Савецкага Саюза. Гэтую ўзнагароду гвардыі старшы сержант медыцынскй службы магла атрымаць яшчэ ў 1943 годзе, калі за 8 месяцаў удзелу ў баявых дзеяннях выратавала 124 параненых, а званне давалі ўжо тым, хто вынес з поля бою 80 чалавек. Як кажуць: “Справа выпадку і — узнагарода знашла свайго героя”.
Сёння ўжо ідзе 2020 г. Час няспынна бяжыць наперад, аддаляючы нас ад падзей той жудаснай вайны. Але памяць аб такіх людзях, як Зінаіда Тусналобава, жыве і, спадзяемся, будзе жыць у наступных пакаленнях.
З 1987 года ў Полацку працуе мемарыяльны музей-кватэра З.М. Тусналобавай-Марчанка, адкрыты ў доме, дзе яна пражывала ў апошнія гады свайго жыцця. Аб З. Тусналобавай можна даведацца і на выставе “Ганаровыя грамадзяне горада Полацка”, якая працуе ў Краязнаўчым музеі з 2016 года. Запрашаем вас пазнаёміцца з жыццём знакамітай палачанкі, стаўшай гонарам не толькі Полаччыны, але і ўсёй Беларусі!