«Полацк — музыка майго сэрца»: сустрэча з Ганаровым грамадзянінам горада Полацка Ксеніяй Пагарэлай.

11 лютага 2020 г. у межах праекта «Мне лёсам вызначаны Полацк…» адбылася сустрэча вучняў сярэдняй школы №18 імя Ефрасінні Полацкай з заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь К.М. Пагарэлай. Пад зводамі полацкага Сафійскага сабора 7-класнікі з захапленнем слухалі аповяд Ксеніі Максімаўны аб тым, як адбылося яе першае знаёмства з музыкай, як з'явілася мара стаць арганісткай, як упершыню пазнаёмілася са старажытным беларускім горадам, у які закахалася на ўсё жыццё. Вучні падчас размовы задавалі шмат пытанняў, часам зусім нечаканых.

Сапраўдным сюрпрызам для школьнікаў быў уздым на хоры Сафійскага сабора, дзе ўсталяваны арган. Перапоўненыя эмоцыямі, хлопчыкі і дзяўчынкі знаёміліся з будовай унікальнага музычнага інструмента, цікавячыся кожнай дробяззю.

Напрыканцы сустрэчы 7-класнікі, затаіўшы дыханне, слухалі ў выкананні Ксеніі Пагарэлай музыку, якая чаруючымі акордамі разляталася па ўсяму храму.

795