Ганароваму грамадзяніну горада Полацка Мікалаю Пятрэнка - 100 гадоў!

19 снежня 2019 г. споўнілася б 100 гадоў з дня нараджэння Мікалая Макаравіча Пятрэнкі. Імя гэтага таленавітага настаўніка і самадзейнага кампазітара добра вядома далёка за межамі Полацка. З нагоды такой значнай даты супрацоўнікі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка прынялі актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні вечарыны памяці, якая прайшла ў сценах каледжа УА "Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава". На сустрэчу ў актавую залу, акрамя навучэнцаў, прыйшло шмат гасцей - былых калег і вучняў Мікалая Макаравіча. У кожнага былі свае ўспаміны, свае ўраджанні. Вядучыя мерапрыемства Лізавета Марцінкевіч і Вера Аляксеенка з цеплынёй і сардэчнасцю нагадалі самыя яскравыя моманты з біяграфіі М.М. Пятрэнкі, паказалі інтэрв'ю з тымі, хто не змог прысутнічаць на сустрэчы, пазнаёмілі з кнігамі, рукапісамі, фотаздымкамі, якія сёння захоўваюцца ў каледжы. Загадчык Краязнаўчага музея Ірына Воднева прадставіла невялікі відэяматэрыял, падрыхтаваны з архіўнага музейнага фонду, а старшы навуковы супрацоўнік Музея беларускага кнігадрукавання Дыяна Кашкур прэзентавала выставу, адкрытую да юбілею знакамітага палачаніна і гасцінна запрасіла ўсіх яе наведаць. Зразумела, што вечарына не абышлася без музыкі. На працягу ўсяго мерапрыемства гучалі песні Мікалая Макаравіча ў выкананні, як палачан - Ядзвігі Аўласенка, Фёдара Гайко, так і ВІА "Песняры" і Ірыны Дарафеевай, зразумела, у запісах мінулых гадоў.  

785