Удзел супрацоўнікаў НПГКМЗ у адукацыйным семінары для педагогаў і музейных работнікаў па тэме «Праблемы выкладання гісторыі Халакосту і Другой сусветнай вайны ў Беларусі 2.0»

20-22 лістапада 2019 г. на пляцоўцы Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау праходзіў адукацыйны семінар, арганізатарамі якога сталі Гістарычная майстэрня Л.Левіна сумесна з Мемарыялам дэ ля Шоа (Францыя). У семінары бралі ўдзел і супрацоўнікі НПГКМЗ – Ірына Воднева и Таццяна Смірнова. З прывітальным словам да 40 прысутных звярнуліся дырэктар IBB Minsk Віктар Балакіраў, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Французскай Рэспублікі ў Беларусі Дыдзье Канэс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Германіі ў Беларусі Манфрэд Хутэрэр. У сваіх выступленнях яны адзначылі нестабільнасць палітычнай сітуацыі ў сучасным свеце, а таксама звярнулі ўвагу на неабходнасць дэталёвага вывучэння агульнага мінулага.
Начальнік сувязяў Мемарыяла дэ ля Шоа Бруна Бае у ліку першых адзначыў, што педагогам і музейным работнікам будуць прадэманстраваны эксклюзіўныя падыходы да вывучэння Халакосту, перад імі выступяць вядучыя эксперты па гісторыі нацыянал-сацыялізма і антысемітызма з Францыі, Расіі і Беларусі. Кіраўнік Гістарычнай майстэрні І. Каштэлян прадставіла матэрыялы для арганізацыі працэса вывучэння гісторыі мінскага гета, звярнуўшы ўвагу і на іншыя формы работы з моладдзю ў школах, вну, музеях.
Практычны выхад мела выступленне намесніка кіраўніка Гістарычнай майстэрні А. Далгоўскага. Ён паказаў, наколькі цікавай можа быць праца з фотаздымкам, які ён назваў своеасаблівым «акном у мінулае». Эксперт акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў семінара на тым, што фотаздымак абавязкова трэба інтэграваць у гістарычны кантэкст, яго трэба «разгаварыць».
Выкладчык Інстытута палітычных даследаванняў (Францыя) Грэгуар Кауфман раскрыў сутнасць паняцця «юдафобія», завастрыўшы ўвагу прысутных на паходжанні тэрміна і яго асаблівасцях.
Эксперт з універсітэта Грэнобаль Альпы Фрэдэрык Сале (Францыя) працягнуў аповяд аб адносінах еўрапейцаў да яўрэяў, акцэнтаваўшы ўвагу ўдзельнікаў семінара на нацысцкім бачанні свету і іх адносінах да іўдзеяў. Сяргей Новікаў, загадчык кафедры гісторыі, сусветнай культуры і турызму МДЛУ (Беларусь), даў характарыстыку нацысцкай акупацыйнай палітыцы ў Беларусі. З дапамогай карт і схем ён наглядна праілюстраваў шматлікія падзеі таго часу, правёў параўнаўчы аналіз матэрыялаў ЧГК і нямецкіх архіваў, з якімі працуе ўжо не першы год.
Далей з тэмай «Халакост у Еўропе» выступіў супрацоўнік Мемарыяла Шоа Крыстаф Тарыконе. Яго даклад быў змястоўным і эмацыянальным. Тарыконе раскрыў асновы нацысцкай тэорыі, створанай у 1930-я гг. у Германіі, а таксама даў характарыстыку вядучым накірункам палітыкі гэтай краіны ў міжваенны перыяд. У яго лекцыі «Параўноўваючы генацыд і масавыя злачынствы» была ўдзелена ўвага пасляваеннаму часу ў Еўропе і юрыдычным асаблівасцям Канвенцыі ААН 1948 г., а таксама ролі Рафаэля Лемкіна ў з’яўленні паняцця «генацыд».
Выклікала цікавасць і выступленне заснавальніка і сустаршыні Расійскага НПЦ «Халакост» Іллі Альтмана. Ён пазнаёміў удзельнікаў семінара з формамі работы па тэме «Халакост» у Расіі і мерапрыемствамі ў рамках культуры памяці. Выкладчык Брэсцкага дзяржуніверсітэта Я. Розэнблат раскрыў асаблівасці партызанскага і яўрэйскага супраціўлення ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Дакладныя формы работы па тэме «Халакост», прыдатныя як у школьнай, так і музейнай практыках, былі прадстаўлены выкладчыкам БДПУ ім. Танка Дар’ей Касяковай.
Завяршальным актам семінара было выступленне сусветна вядомага даследчыка гісторыі Савецкага Саюза і сталінскіх рэпрэсій Нікаля Верта (Францыя) з дакладам «Рэпрэсіўная палітыка Сталіна». Прыведзеныя ім факты і лічбы скаланулі ўсіх прысутных: гэта і планы па знішчэнню «класавых ворагаў» у СССР, і сістэма ГУЛАГ, і масавыя перасяленні, і галадамор. Звесткі з даклада Нікаля Верта дазволілі ўдзельнікам семінара па-новаму паглядзець на многія раней вядомыя гістарычныя факты да сярэдзіны ХХ ст.