Звесткі аб лютэранскай кірсе

Старажытны горад Полацк, на вялікі жаль, захаваў не так шмат помнікаў архітэктуры. Па розных прычынах храмы і манастыры альбо мэтанакіравана былі разбураны людзьмі, альбо пацярпелі падчас войнаў. Да так званых "шчаслівых" будынкаў можна аднесці былую лютэранскую кірху, размешчаную на вуліцы Ніжне-Пакроўскай. Гэты будынак сёння з'яўляецца адзіным помнікам неаготыкі ў нашым горадзе. Чырвоная цэгла, шпіль, востраканцовыя вежы-пінакли, стральчатыя вокны - гэта характэрныя асаблівасці архітэктуры гатычных храмаў. Іх усё можна ўбачыць і ў полацкай царквы.

Даследчыкі, азнаёміўшыся з дакументамі розных архіваў, так і не змаглі знайсці дакладнай даты пабудовы кірхі. Будаўніцтва храма адносілі да канца ХІХ - пачатку ХХ стст. І толькі нядаўна супрацоўнікам Краязнаўчага музея пашчасціла выявіць гэтыя дадзеныя. Сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Рэспублікі Беларусь былі знойдзены некалькі лістоў і зваротаў полацкіх лютэранаў, рапарт полацкага паліцмайстара, дзе зафіксавана дакладная дата пабудовы.

Раней набажэнствы праходзілі ў драўляным малітоўным доме. У звароце Дэпартамента духоўных спраў замежнага веравызнання да віцебскага губернатара прапаноўвалася пабудаваць новую мураваную царкву наўзамен старой драўлянай, якая моцна стлела. Патрэба ў новым храме з'явілася з-за вялікай колькасці лютэран у Полацку і павеце - 850 чалавек. Да таго ж свайго мясцовага пастара ў палачан не было. Набажэнствы праводзіў віцебскі святар.

Новы храм быў пабудаваны за паўтара года, і лютэранская кірха была ўрачыста адкрыта 18 снежня 1888 года. Каменны храм асвяцілі ў гонар Святой Марыі.

Абрад асвячэння пачаўся ў 10 гадзін раніцы. Духавенства і вернікі сабраліся спачатку ў былым малітоўным доме, дзе віцебскі пастар Каралін прачытаў развітальную пропаведзь. Затым у новую царкву перанеслі Святыя дары і Евангелле, правялі богаслужэнне - спачатку на нямецкай мове, а потым на лацінскай. Пасля службы ў 16 гадзін у памяшканні жаночага пансіёну спадарыні Вільгельміны Рульковіус у гонар адкрыцця полацкай Евангелічна-Лютэранскай царквы Святой Марыі прайшоў святочны абед.

У дакументах пачатку ХХ ст. сустракаецца імя полацкага святара Лютэранскай царквы Фелікса Максімавіча (Максіміліянавіч) Берчэ. Яго дом месціўся на вуліцы Ніжне-Пакроўскай насупраць кірхі.

Пасля рэвалюцыі адносіны да рэлігіі ў новай краіне змянілася. Па ўспамінах краязнаўцы Івана Дэйніса, храм быў зачынены ў 1924 г., а з пачатку 1930-х гг. у былую кірху з Сафійскага сабора перавялі Акруговы краязнаўчы музей . Ёсць звесткі, што падчас Вялікай Айчыннай вайны ў царкве зноў праходзілі набажэнствы. У пасляваенны перыяд у кірсе некаторы час працаваў гарадскі кінатэатр, а ў 1950 г. тут зноў размясцілася экспазіцыя краязнаўчага музея. Можа, дзякуючы менавіта гэтаму, наш горад захаваў прыгожы помнік неаготыкі, які, нягледзячы на некаторыя перабудовы, не згубіў сваёй мастацкай каштоўнасці і сёння.