Справай і сэрцам Полацку адданы.

У пятніцу 11 мая ў Краязнаўчым музеі прайшла сустрэча з Ганаровым грамадзянінам горада Полацка Уладзімірам Сцяпанавічам Тачылам, які з 1999 па 2011 г. узначальваў Полацкі гарвыканкам. На сустрэчы прысутнічалі настаўнікі і вучні 7-х класаў ПГГ №2, а таксама добрыя знаёмыя госця. Сустрэча праходзіла ў форме дыялога – вучні і настаўнікі маглі задаць Уладзіміру Сцяпанавічу любое пытанне па цікавай для іх тэме. І хоць спачатку адчувалася нейкая скаванасць і невялікая напруга, час за гутаркай праляцеў незаўважна.

Уладзімір Сцяпанавіч успомніў пра сваё дзяцінства і юнацтва, распавёў пра ролю спорта ў сваім жыцці і як той паўплываў на станаўленне яго як асобы, выказаў сваё стаўленне да падзей і працэсаў, якія сёння адбываюцца на Полаччыне. Вядома, было задана пытанне і пра дзейнасць У.С. Тачыла на пасадзе старшыні гарвыканкама: што удалося ажыццявіць, а якія планы засталіся на паперы? Вельмі доўга і з любоўю Уладзімір Сцяпанавіч гаварыў пра сваю сям’ю, і ў канцы зрабіў вынік – для кожнага чалавека менавіта сям’я з’яўляецца надзейнай апорай і маяком на жыццёвым шляху.

356