Жорны


Да сярэдзіны XX ст. жорны - прыстасаванне для ручнога памолу зерня - былі неабходным прадметам амаль у кожным сялянскім двары, бо плата за памол на млыне была высокай. Стаялі жорны часцей за ўсё ў сенцах, часам у хаце альбо ў адрыне.

Ручныя каменныя жорны, прадстаўленыя ў экспазіцыі музея, - выпадковая знаходка на тэрыторыі былога Ніжняга замка. Яны складаюцца з двух дыскападобных камянёў. Ніжні нерухомы дыск мае трохі выпуклую рабочую паверхню. Верхні жарон (бягун) - больш увагнуты, з невялікай адтулінай пасярэдзіне для засыпання зерня. Трапляючы паміж камянямі, зерне расціскалася і перамолвалася ў муку. На ніжнім дыску ад цэнтра да краю зроблены насечкі для лепшага размолу. Баразёнкі насечак служылі своеасаблівымі дарожкамі, па якіх мука ссыпалася з жорнаў. Для больш зручнага збору мукі жорны змяшчалі ў спецыяльную драўляную скрыню.