Памяць пра славутага палачаніна

Восеньскім вечарам у адной з залаў Краязнаўчага музея Полацка сабраліся тыя, хто вырашыў успомніць славутага палачаніна, адданага полацкай зямлі да апошніх дзён. Роўна год таму, 6 кастрычніка 2015 года, не стала Алеся Савіцкага, які прысвяціў свайму роднаму Полацку не адзін дзясятак кніг, які ганарыўся тым, што быў ускормлены на зямлі, дзе нарадзіліся Еўфрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Сімяон Полацкі і многія іншыя.

На вечар памяці Ганаровага грамадзяніна горада Полацка са сталіцы прыехалі сябры Алеся Ануфрыевіча беларускія пісьменнікі Навум Гальпяровіч і Зіновій Прыгодзіч. Усе прысутныя з задавальненнем слухалі цёплыя аповеды пра тое, як умеў сябраваць Алесь Савіцкі, як пісаў свае творы, прысвячаў іх любай Дзвіне і велічнай Сафіі, як захоўваў памяць пра сваіх баявых таварышаў, загінуўшых на полацкай зямлі.

Вучні гарадскіх школ і гімназій, знаёмыя і проста зацікаўленыя людзі пачулі ад Ніны Уладзіміраўны Азернікавай, полацкай настаўніцы, сябра дзяцінства А. Савіцкага, шмат цікавага і пра апошні прыезд у горад вядомага беларускага пісьменніка летам 2015 года.

Музейная зала ледзь змясціла ўсіх жадаючых, якія пакідалі музей з самымі найлепшымі ўражаннямі.

554