Развіццё піянерскага і камсамольскага рухаў


Полацкая камсамольская арганізацыя была створана адной з першых у сучаснай Беларусі — ужо ў канцы 1918 — пачатку 1919 гг. У першыя дні пасля яе афармлення камсамольцам быў перададзены разам з усім абсталяваннем другі паверх будынка ў цэнтры горада, які раней належыў памешчыку Куляшу. Гэта быў першы ў горадзе камсамольскі клуб, дзе адзін раз у квартал праходзілі павятовыя з'езды РКСМ. Па ініцыятыве павятовага камітэта камсамола былі арганізаваны прафтэхшколы для моладзі — друкароў, металістаў, швейнікаў, у якіх займалася каля ста трыццаці падлеткаў з рабочых сем'яў і гарадской беднаты.

У першай палове 1921 г. пры павятовым камітэце працы па ініцыятыве камсамольцаў быў створаны пададдзел па рабоце сярод дзяцей і падлеткаў. У наступным годзе ў Полацку з'явіліся першыя піянеры, якія выпускалі сваю газету "Піянерская іскра". К лістападу 1924 г. было арганізавана ўжо 29 піянерскіх атрадаў, якія аб'ядналі амаль паўтары тысячы юных палачан.

Калекцыя дакументаў і фотадакументаў, якія адлюстроўваюць развіццё камсамольскага і піянерскага рухаў у Полацку, была перададзена ў музей у 1983 г. Альбертам Ізраілевічам Картусам — адным з першых полацкіх камсамольцаў.