Полацкая гарадская бальніца. 1921—1939.


У 1921 г. на базе земскай бальніцы і фінляндскага шпіталя была адкрыта Народная бальніца з тэрапеўтычным, хірургічным, венералагічным, інфекцыйным і гінекалагічным аддзяленнямі. 21 лютага 1924 г. Народная бальніца была пераўтворана ў Полацкую гарадскую бальніцу з прысваеннем ёй імя У.І. Леніна. У тым жа годзе адкрылася вокавае аддзяленне.

У 1926 г. пры бальніцы адкрыўся радзільны прытулак, на наступны год – дзіцячае аддзяленне. Адначасова з тым пачала працу жаночая кансультацыя, пры якой планавалася адкрыць малочную кухню і юрыдычную кансультацыю для цяжарных жанчын. У тыя гады бальніца абслугоўвала 65% насельніцтва акругі. Прадукты харчавання для хворых набываліся ў прыватных магазінах ці ў калгасах.

У 1927 г. былі адкрыты гінекалагічнае і ЛОР аддзяленні, у 1932 г. – першы фізіятэрапеўтычны кабінет, праз год – водалячэбніца і інфекцыйнае аддзяленне. У перыяд з 1935 па 1941 г. удасканальвалася сістэма абследавання насельніцтва.

У Полацкай бальніцы імя Леніна працавалі спецыялісты, якія скончылі Маскоўскі, Казанскі, Юр'еўскі ўніверсітэты, а таксама замежныя вучэбныя ўстановы. У горадзе практыкавалі дактары, кандыдаты навук, вядучыя ўрачы мелі публікацыі ў медыцынскіх часопісах.