Ганчарная кераміка ХІ-ХІІІ стст.


З другой паловы Х ст. пачалося пашыранае выкарыстанне ганчарнага круга і рамесны выраб глінянага посуду. Форма ганчарных вырабаў стала ўдасканальвацца. У гаршкоў з'явілася высокая і шырокая гарлавіна, пакатыя плечыкі, сілуэт стаў больш профільным. Гліняныя пасудзіны сталі больш разнастайнымі. Посуд ХІ-ХІІІ стст. згодна прызначэнню можна падзяліць на кухонны (для прыгатавання ежы), сталовы, тарны і г.д.

У якасці сыравіны выкарыстоўвалася мясцовая гліна пераважна чырвонага колеру. Дамешкам, які ганчары дабаўлялі ў цеста, служыла дробная жарства (здробнены камень гранітных парод). Посуд часцей за ўсё меў арнаментацыю па венчыку, зрэдку блізка да яго краю. Для полацкага посуду характэрны лінейны і хвалісты арнамент, які наносілі палачкай ці грабянём, зрэдку - пазногцем, а таксама спалучэнне гэтых арнаментаў. У Полацку знойдзена і кераміка са слядамі палівы. Унутраны бок прыдоннай часткі шэраглінянага гаршка ХІІ-ХІІІ стст., што прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея, пакрыты палівай цёмна-зялёнага колеру; таўшчыня пласта шклопадобнага рэчыва дасягае 3 см.

Да посуду рабілі накрыўкі двух тыпаў - амаль плоскія і глыбокія накрыўкі канічнай формы. Некаторыя з іх мелі ў верхняй частцы круглую галоўку. Накрыўка ХІІІ ст. у экспазіцыі Краязнаўчага музея мае багата арнаментаваную паверхню ў выглядзе ліній, частых паралельных рысак і скразную адтуліну ўверсе.

Ганчарныя вырабы часта аздабляліся клеймамі - знакамі ганчара. Рэльефныя клеймы ХІ-ХІІІ ст. з'яўляюцца адбіткамі выразаных на падстаўках знакаў і ўяўляюць сабой часцей за ўсё круг з выявамі крыжа або радыяльных ліній па цэнтры. На вонкавым баку вышэй узгаданай прыдоннай часткі гаршка выразна праглядаецца кляймо ў выглядзе канцэнтрычных кругоў і літарай "Х" у цэнтры. На донцы ад пасудзіны ХІІ-ХІІІ стст., што прадстаўлена ў Краязнаўчым музеі, кляймо ўяўляе сабой вялікі круг дыяметрам 6 см з чатырохканцовым крыжом у цэнтры.