Бівень маманта


На сённяшні дзень беларускім навукоўцам вядома каля 200 знаходак рэштак маманта - сапраўднага цара ледавіковай эпохі, які жыў на тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ з часоў палеаліта.

Вышыня найбольш буйных самцоў дасягала 3,3 м, вага складала каля 6 т. Па біялагічных прыкметах і спосабу жыцця маманты блізкія да сучасных сланоў, у адрозненне ад якіх, яны мелі больш кароткія ногі, меншыя па памерах вушы і хвост. На спіне выдаваўся прыкметны горб. Уся паверхня цела была пакрыта густой поўсцю даўжынёй амаль 1 м, якая ўнізе стварала своеасаблівую "спадніцу", што звісала ледзь не да самай зямлі. Гонарам маманта былі біўні, якія раслі ў верхняй сківіцы і дасягалі ў даўжыню амаль 5 м і вагі да 100 кг. Вымерлі дагістарычныя гіганты каля 10 тысяч год назад падчас апошняга Ледавіковага перыяду.

У канцы ХІХ ст. у Расійскай імперыі мамантавыя біўні з'яўляліся прадметам імпарту. Бівень маманта быў больш трывалы за слановую косць, выдатна апрацоўваўся разцом, адрозніваўся непаўторным сеткавым малюнкам і разнастайнымі адценнямі: ад малочна-белага да сіня-фіялетавага. Асабліва каштоўным у касцярэзаў лічылася натуральнае пацямненне матэрыялу. З біўняў рабілі дарагія табакеркі, шахматныя фігуры, статуэткі, жаночыя ўпрыгажэнні.

Бівень і часткі костак маманта прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Узрост экспанатаў - больш за дзесяць тысяч год. Пацямнелы ад часу і ўздзеяння вады, фрагментаваны бівень быў выяўлены ў 1999 г. у русле Заходняй Дзвіны на глыбіні 7 м. Перадаў знаходку ў фонды музея-запаведніка навапалачанін Валянцін Іванавіч Дробатаў.


Бівень маманта. Краязнаўчы музей г. Полацка