Цацкі-качачкі


У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены дзве арнаментаваныя цацкі-качачкі з гліны шэрага колеру, якія датуюцца ХІІ-ХІІІ стст. Адна з дзвюх фрагментаваных фігурак - цацка-качачка, знойдзеная ў Полацку ў 1980-я гады, мае выразны пракрэслены геаметрычны арнамент у выглядзе зігзага.

Другая фігурка качачкі - цацка-бразготка. Унутры полага тулава перакатваецца невялікі прадмет і пры ўстрэсванні выклікае шум. Цацка-бразготка аздоблена паўкруглымі С-падобнымі ўціскамі і мае кляймо старажытнага майстра ў выглядзе чатырохканцовага крыжа, упісанага ў круг. Знаходка была зроблена ў 1995 г. у Полацку пад час раскопак С.В. Тарасавым на Верхнім замку.

Абедзве цацкі зроблены схематычна і стылізавана. Яны прызначаліся для гульні і таму мелі ўтылітарнае значэнне. Адначасова, дзякуючы свайму гучанню, цацка-бразготка з'яўлялася сакральным прадметам з пэўным абрадавым сэнсам.