Добраму рыбаку непагода - не перашкода.

Падчас правядзення міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” 16 мая ўсе наведвальнікі Краязнаўчага музея трапілі ў загадкавы свет рыбнай лоўлі. На нядаўна адкрытай выстаўцы “З гісторыі рыбалоўства на Браслаўшчыне” кожны жадаючы мог прыняць удзел у віктарыне “Што я ведаю пра рыбалку”. Лірычных асобаў чакала заданне “Складзі оду рыбаку”, дзе дэманстравалі свае паэтычныя здольнасці людзі рознага ўзросту. Зацікаўленым супрацоўнікі музея паказвалі, як раней вязалі рыбацкія вузлы, а аматарам мастацтва прапаноўвалі навучыцца маляваць драпежніка беларускіх рэк і азёр – шчупака. Асаблівай папулярнасцю карысталіся пазлы на рыбалоўную тэму, якія з задавальненнем складалі як дарослыя, так і дзеці, а сама гульня нагадвала сапраўдныя спаборніцтвы. Самыя актыўныя ўдзельнікі не засталіся без прызоў. Дзякуючы падтрымцы прыватнай прадпрымальніцы Наталлі Бундовіч, а таксама кіраўніцтва запаведніка, пераможцы атрымлівалі шматлікія сувеніры на памяць.

Цікавым атрымалася выступленне выкладчыка ПДУ, апантанага рыбалова Уладзіміра Лобача, які распавядаў пра гісторыю рыбалоўства на Беларусі, успамінаючы свае назіранні падчас этнаграфічных экспедыцый на Віцебшчыне. За лепшае пытанне выступоўцу адзін з удзельнікаў сустрэчы атрымаў падарунак.

Не менш запамінальнай была сустрэча і з прафесіяналам у лоўлі шчупака на спінінг Аляксеем Кушнірэнкам. Для ўсіх сабраўшыхся рыбалоў прадэманстраваў некалькі відаў вуд і больш за сотню прыстасаванняў для паспяховай лоўлі на адну з самых распаўсюджаных рыб Беларусі. Цікавасць да разказчыка затрымала сабраўшыхся болей чым на гадзіну.

Ужо традыцыйным для палачан стаў вячэрні кінасеанс пад адкрытым небам. Увазе гледачоў быў прадстаўлены фільм “Тайны мудрого рыболова” з Мікалаем Кручковым у галоўнай ролі. Самыя стойкія даглядзелі фільм да канца.

Атмасферу заяўленай тэматыкі і вясёлы настрой на адкрытай пляцоўцы каля музея падтрымлівалі музычныя кампазіцыі і духмяная юшка з іншымі стравамі, продажам якіх займаліся работнікі ГК “Славянскі”.

Спадзяемся, што праведзены ў Краязнаўчым музеі вечар нікога з наведвальнікаў не пакінуў раўнадушным.

660