Прылады працы эпохі мезаліту


У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены найстаражытнейшыя прылады працы, якія былі выраблены першымі насельнікамі нашага рэгіёна ў каменным веку. Прадстаўленыя крамянёвыя разцы, нажы, скрабкі, праколкі адносяцца да эпохі мезаліту. Узрост дадзеных знаходак каля 7 тысяч год.

Эпоха мезаліту, або сярэдні каменны век, пачынаецца з завяршэннем ледавіковага перыяду. Клімат і прырода набылі рысы сучасных. Вызваленне вялізных зямель ад ледавіка дазволіла першабытным людзям асвоіць новыя прасторы. Плямёны рухаліся ўздоўж рэк і паступова засялілі асноўную тэрыторыю нашай краіны.

На Беларусі выяўлена каля 300 мезалітычных стаянак. Дзве з іх знаходзяцца каля Полацка на беразе Заходняй Дзвіны. Як і большасць паселішчаў таго часу, яны былі часовымі і займалі нязначную плошчу.

Адна стаянка размяшчалася каля в. Крумплёва, што ў 30 км ад Полацка. Другая была выяўлена каля в. Пятроўцы ва ўрочышчы Сямёнаў Хутар. На тэрыторыі апошняй былі знойдзены тыповыя прадметы эпохі мезаліту: крамянёвыя ўкладышы, сякеры, праколкі, фрагменты наканечнікаў стрэл. Усе прылады працы адрозніваліся маленькімі памерамі і высокай тэхнікай апрацоўкі. Матэрыялам служыў мелавы крамень вельмі цёмнага колеру.

У перыяд каменнага веку крамень збіралі метадам адкрытых выпрацовак. Першасная апрацоўка сыравіны ўяўляла сабой расколванне буйнога каменя адбойнікам на адшчэпы і тонкія пласціны. Затым на прыладу працы наносілі рэтуш і разцовыя сколы. Для гэтага пласцінкі заточвалі, г.зн. пры дапамозе косці адціскалі маленькія каменныя лускавінкі. Так выраблялі наканечнікі коп’яў і стрэл, нажы. З невялікіх завостраных пласцінак людзі выраблялі цалкам лязо нажа. З’яўленне ў 2 тысячагоддзі тэхналогіі апрацоўкі металаў паступова выцесніла крамень як матэрыял для вырабу прылад працы.

Мезалітычная стаянка ва ўрочышчы Сямёнаў Хутар была выяўлена археолагам Нінай Мікалаеўнай Гурынай у 1957 г. Праз 10 год стаянку даследаваў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР Іван Міхайлавіч Ціханенкаў. Усяго было ўскрыта 121 м2 грунта. У 1968 г. калекцыя крамянёвага інвентару, якая налічвала 585 прадметаў, была перададзена ў Полацкі гісторыка-археалагічны запаведнік.


Крамянёвыя нажы
Крамянёвыя праколкі
Крамянёвыя разцы
Крамянёвыя разцы