“З Купалам у сэрдцы”

Вось і падышоў да заканчэння выставачны праект “Я – шлях, якому век няма спакою...”, які быў распачаты сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы яшчэ ў мінулым годзе. Больш за месяц у лістападзе і снежні выстаўка прымала наведвальнікаў у адным з залаў Краязнаўчага музея і была прысвечана жыццю і дзейнасці класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы, таму перыяду яго жыцця, які быў звязаны з нашым горадам.

16 снежня 2014 г. у Краязнаўчым музеі адбылася літаратурна-музычная вечарына “З Купалам у сэрдцы”, якая сабрала ўсіх прыхільнікаў творчасці беларускага песняра. Дзякуючы сучасным тэхналогіям музейныя супрацоўнікі звязаліся па Skype з вядомым беларускім паэтам і перакладчыкам Сяргеем Сцяпанавічам Панізнікам. На анлайн-сустрэчы былы сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы расказаў пра адкрыццё мемарыяльнай шыльды на станцыі Баравуха, пра свае сустрэчы з людзьмі, якія асабіста ведалі Івана Дамінікавіча Луцэвіча. Для добразычлівай аўдыторыі Сяргей Сцяпанавіч прачытаў некалькі радкоў з уласных вершаў.

Цікавымі ўспамінамі аб сваім знаёмстве з Паўлінай Мядзёлкай - музай Купалы, падзялілася з прысутнымі Алена Уладзіміраўна Каспяровіч, былы дырэктар Полацкай раённай ЦБС. У пасляваенны час Алена Уладзіміраўна вучылася ў Будслаўскай школе-інтэрнаце, дзе Паўліна Вікенцьеўна выкладала рускую мову. На ўсё жыццё ў былой вучаніцы захаваліся светлыя ўспаміны пра адукаваную і інтэлегентную настаўніцу.

Вядомы полацкі краязнаўца Віктар Раманавіч Карасёў расказаў, як праводзілася работа па ўвекавечанні памяці Б.І. Эпімах-Шыпілы – знакамітага асветніка, выдаўца, ідэйнага натхняльніка і літаратурнага апекуна Янкі Купалы.

Старшыня Полацкай гарадской суполкі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Валянціна Іосіфаўна Крук разам з юнымі членамі гуртка “Сустрэча” сш №6 г. Полацка падрыхтавалі і прачыталі напамяць верш Янкі Купалы “Новы год”.

Прыемным падарункам напрыканцы сустрэчы стала выступленне сяброў народнага калектыва беларускай песні “Полацкія россыпы” з яго нязменным кіраўніком Ядзвігай Аўласенкай. Госці спелі ўсім добра вядомыя песні на вершы Купалы “Спадчына”, “Явар і каліна”.

Завяршылася вечарына тэматычнай віктарынай. Удзельнікі мерапрыемства пакінулі музей у добрым настроі, з памятнымі падарункамі і сувенірамі.

399