Купала зноў завітаў у Полацк

З 11 лістапада ў Краязнаўчым музеі адкрылася выстаўка “Я – шлях, якому век няма спакою...”, якая выклікала ў палачан – і ў дарослых, і ў дзяцей – сапраўдны інтарэс. За гэтыя некалькі дзён, што выстаўка працуе, у музеі адбылося некалькі сустрэч са школьнікамі і моладдзю. Навучэнцы каледжа УА “Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава” сумясцілі заняткі па развіцці прафесійнага маўлення з наведваннем выстаўкі. Яны не толькі даведаліся пра цікавыя моманты з жыцця класіка беларускай літаратуры, пра яго сувязь з Полацкам, але і прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем Купалу разам”. За майстэрскае чытанне вершаў Янкі Купалы супрацоўнікі музея ўзнагародзілі дэкламатараў асобымі прызамі. Гэтую акцыю падтрымалі вучні СШ № 6, якія з цікавасцю глядзелі відэафільм, уважліва слухалі экскурсію і адзін лепей за другога чыталі вершы народнага паэта.

442