Звон XVII стагоддзя


Спрадвеку людзі верылі, што той, хто слухае перазвон, вылечваецца амаль ад усіх хвароб. Вядома і суцяшальнае дзеянне гэтай чароўнай музыкі. Адна з неабходных прылад храма - звон - клікаў народ на набажэнствы. Званы склікалі на раду знакамітае полацкае веча, збіралі палачан перад ваеным паходам.

Сёння ў нашым горадзе можна ўбачыць званы не толькі ў храмах. Падчас наведвання Краязнаўчага музея немагчыма прайсці ўбаку ад паўмятровага ў аб'ёме царкоўнага звана, адлітага ў 1699 г. Яго перадаў у музей у 1978 г. І.М. Носаў, дырэктар Ламашэўскай сярэдняй школы (Глыбоцкі раён). Звон быў схаваны ад фашыстаў у зямлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Аднак калі ён быў знойдзены, высветлілася, што выкарыстоўваць яго па прызначэнні немагчыма з-за страты часткі гукавога кольца, і бронзавы звон стаў музейным экспанатам.

Знакі і надпісы на зване з экспазіцыі Краязнаўчага музея служаць не толькі ўпрыгажэннем, але яшчэ і ўтрымліваюць шмат каштоўнай інфармацыі. Згодна з надпісам на лацінскай мове на верхняй частцы звана, яго адліў майстар Бенжамін Фіндэрлінг у 1699 г. На сярэдняй частцы маюцца геральдычныя знакі, а ўнізе - яшчэ адзін кругавы надпіс, які паведамляе, што звон быў адліты на сродкі полацкага суддзі Януша Зіновіча. Януш Зіновіч займаў пасаду падкаморыя, г.зн. займаўся разглядам судовых зямельных спрэчак, а яго продак, Юрый Зіновіч, які жыў у XVI ст., быў першым полацкім кашталянам, другой асобай у горадзе пасля ваяводы. Багатыя і знакамітыя людзі аказвалі падтрымку цэрквам і манастырам, а пацвярджэннем таму служыць гэты бронзавы звон.